Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ініцыятыўную групу Яраслава Раманчука прымушаюць дастаць з паштовых скрынак улёткі, якія яны раскідалі


Міхал Карневіч, Горадня Акруговая выбарчая камісія Гарадзенскай Цэнтральнай выбарчай акругі №52, дзе застаўся не абраны адзіны ў краіне дэпутат у Палату прадстаўнікоў, вынесла сёньня два рашэньні: папярэдзіць ініцыятыўную групу Яраслава Раманчука за распаўсюд улётак з праграмай Аб’яднанай грамадзянскай партыі па паштовых скрынках гарадзенцаў і другое рашэньне: забавязаць сябраў ініцыятыўнай групы дастаць улёткі з паштовых скрынак.

На паседжаньне камісіі быў запрошаны кіраўнік ініцыятыўнай групы Яраслава Раманчука, Юры Істомін. Старшыня камісіі, спадар Нерад, давёў прысутным, што да іх паступілі скаргі ад сябраў іншых ініцыятыўных групаў, а таксама ад жыхароў гораду аб тым, што ў паштовыя скрынкі гарадзенцаў раскідалі ўлёткі, аддрукаваныя ў Смаленску накладам 10 тысяч асобнікаў. Па яго словах, у іх зьмешчана перадвыбарчая праграма Яраслава Раманчука. Маўляў, гэта зрабілі толькі сябры ягонай ініцыятыўнай групы, што, наагул, недапушчальна, паколькі той яшчэ не зарэгістраваны кандыдатам і на гэтыя мэты камісія не выдзяляла сродкаў.

У адказ Юры Істомін заявіў, што ўлёткі аддрукаваны на сродкі сябраў партыі, але наагул не датычаць перадвыбарчай кампаніі, а скіраваны на тое, каб пазнаёміць гарадзенцаў з праграмай Аб’яднанай грамадзянскай партыі, якая зьбіраецца ў 2006 годзе браць удзел у прэзыдэнцкіх выбарах. Па яго словах, яны былі распаўсюджаны да рэгістрацыі ініцыятыўнай групы і будуць распаўсюджвацца пасьля правядзеньня выбараў ва ўсіх гарадах Беларусі.

Насамрэч улётка ўяляе сабой праграму АГП жыхарам Горадні для абмеркаваньня і ўнясеньня прапановаў дзеля эканамічнага разьвіцьця гораду і рэгіёну і называецца “Стань гаспадаром сваёй краіны”. На першай старонцы знаходзіцца здымак Яраслава Раманчука як распрацоўніка гэтых прапановаў. Тым ня менш, сябры камісіі ня сталі абмяркоўваць улётку, а палічылі, што падобнае зьяўляецца парушэньнем выбарчага заканадаўства і адзінагалосна прагаласавалі на прапанову спадара Нерада: вынесьці ініцыятыўнай групе Яраслава Раманчука папярэджаньне і прымусіць сябраў ініцыятыўнай групы дастаць улёткі з паштовых скрынак гарадзенцаў. Вось што на гэты конт сказаў Юры Істомін:

(Істомін: ) “Ніякіх улётак з паштовых скрынак мы даставаць ня будзем. У заканадаўстве не прапісана, што мы павінны падобнае рабіць. А па-другое, мушу заўважыць як юрыст: гэта было б парушэньнем у адносінах да прыватнай уласнасьці грамадзянаў. Уявіце: я буду хадзіць і забіраць зь іх паштовых скрынак тое, што сам ім даў”.

У Горадні працягваюць зьбіраць подпісы ініцыятыўныя групы былых дэпутатаў групы “Рэспубліка” Валерыя Фралова і Сяргея Скрабца, а таксама дэпутата гарсавету і сябра БНФ Сяргея Антусевіча і кандыдата ад улады, рэктара Гарадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Сяргея Маскевіча. Рэгістрацыя кандыдатаў павінна адбыцца 7 лютага, а выбары 20 сакавіка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG