Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Гары Паганяйла: “Улады ня хочуць бачыць Бандажэўскага на свабодзе”


Алесь Дашчынскі, Менск Камісія папраўчай калёніі-пасяленьня №26, якая знаходзіцца ля вёскі Гэзгялы ў Дзятлаўскім раёне, адмовіла зьняволенаму прафэсару Юрыю Бандажэўскаму ва ўмоўна-датэрміновым вызваленьні.

Юры Бандажэўскі адбыў дзьве траціны тэрміну зьняволеньня і паводле закону ў яго была магчымасьць умоўна-датэрміновага вызваленьня. Прафэсар ня меў парушэньняў дысцыпліны, а ягонае здароўе апошнім часам значна пагоршылася. Аднак камісія не ўзяла да ўвагі гэтыя абставіны і адмовіла ў вызваленьні ў сувязі з тым, што прафэсар не прызнае сваёй віны і не аплачвае запазычанасьцяў па судзе. Паводле Галіны Бандажўскай, такое рашэньне камісіі ёй было вядома загадзя.

(Бандажэўская: ) “Мне начальнік калёніі Васіль Каляда сказаў, што будзе адмоўлена, таму што на яго ідзе вялікі ціск кіраўніцтва зьверху, каб ён неяк матываваў адмову ў калёніі на ўмоўна-датэрміновае вызваленьне Бандажэўскага. Юры Бандажэўскі не прызнае сваёй віны і абяцае любымі сродкамі гэта даказваць. У нашай краіне квітнее і ўладарыць беззаконьне. З гэтым безаконьнем, калі яно ідзе зьверху, змагацца вельмі цяжка”.

Паводле Галіны Бандажэўскай, у яе няма грошай для аплаты выдаткаў па судзе, пра якія нагадвае адміністрацыя калёніі. Суд таксама ніякіх грошай у сям’і Бандажэўскіх не знайшоў, а сам прафэсар амаль шэсьць гадоў пазбаўлены працы.

Вядомы праваабаронца, намесьнік старшыні Беларускага Хэльсынскага камітэту Гары Паганяйла лічыць, што падставы, паводле якіх кіраўніцтва калёніі адмовіла ў вызваленьні прафэсара Бандажэўскага, надуманыя.

(Паганяйла: ) “Гэта ня толькі калёнія ня хоча, але і ўлады ня хочуць бачыць на свабодзе Бандажэўскага. Падставы, на якія ўказвае адміністрацыя, непрызнаньне віны, неаплата нейкіх стратаў — гэта з пальца высмактаныя абгрунтаваньні. Яны нідзе ў нарматыўных актах не прапісаныя”.

Паводле спадара Паганяйлы, ад імя Юрыя Бандажэўскага БХК абскардзіць у пракуратуры і ў судзе дзеяньні адміністрацыя калёніі.

У чэрвені 2001 году прафэсар Юры Бандажэўскі быў асуджаны за хабарніцтва на 8 гадоў пазбаўленьня волі. Потым на падставе законаў аб амністыі тэрмін пакараньня яму скарацілі на два гады. Частку свайго тэрміну ён адседзеў у менскай вязьніцы. Паводле праваабаронцаў, усясьветнавядомага вучонага кінулі за краты за ягоныя навуковыя дасьледаваньні ў галіне радыяцыйнай мэдыцыны, паводле якіх жыцьцё на забруджаных радыцыяй тэрыторыях небясьпечнае для здароўя чалавека. Камітэт у абарону прафэсара, створаны ў Францыі, “Міжнародная амністыя” і вучоныя розных краінаў дасылаюць лісты ў калёнію з патрабаваньнем вызваліць Юрыя Бандажэўскага, каб ён меў магчымасьць працягнуць сваю навуковую дзейнасьць.
XS
SM
MD
LG