Лінкі ўнівэрсальнага доступу

1 лютага ў эфір выйдзе новы спадарожнікавы тэлеканал “Беларусь ТВ”


Любоў Лунёва, Менск Дзяржаўны канал будзе трансьляваць праграмы нацыянальнага беларускага тэлебачаньня ў краінах СНД, а таксама краінах Прыбалтыкі, Швэцыі і Нарвэгіі.

Кіраўнік прэсавай службы Белдзяржтэлерадыёкампаніі Сьвятлана Краскоўская наконт мэтаў новага спадарожнікавага тэлеканалу паведаміла Радыё Свабода:

(Краскоўская: ) “Беларусь ТВ” — гэта некамэрцыйны грамадзка-палітычны праект. Яго галоўная мэта — умацоўваць аўтарытэт Беларусі на міжнароднай арэне, адлюстоўваць афіцыйную пазыцыю беларускай дзяржавы ў сфэры палітычных і сацыяльна-эканамічных працэсаў, якія адбываюцца ў краіне, СНД і ў міжнароднай супольнасьці”.

У эфіры новага каналу будуць праграмы ОНТ, СТВ, кінастудыі “Беларусьфільм” і Беларускага відэацэнтру — “Славянскі базар”, “Час спорту”, “Бум”, “5х5”, дакумэнтальныя і мастацкія фільмы розных гадоў. Кіраўніцтва плянуе трансьляваць гэтую прадукцыю ў Расею, Украіну, Казахстан, Літву, Латвію, Эстонію, Азэрбайджан, Грузію, а таксама ў Швэцыю і Нарвэгію.

Але ў маркетынгавым аддзеле загадчыца Натальля Ціцько паведаміла, што з трансьляцыяй, напрыклад, у Расеі ёсьць пэўныя праблемы:

(Ціцько: ) “Цяпер адна з самы буйных праблемаў — гэта праблема ліцэнзаваньня. У прыватнасьці, на тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі з намі пакуль апэратары ня вельмі жадаюць працаваць, пакуль мы ня вырашым гэтыя юрыдычныя пытаньні. Нам патрэбна ліцэнзія на кабэльнае вяшчаньне”.

Кіраўніца маркетынгавага аддзелу паведаміла, што паводле іх тэставых падлікаў канал будзуць глядзець каля мільёну тэлегледачоў. На пытаньне пра тое, якія катэгорыі грамадзянаў уваходзяць у гэтыю аўдыторыю, маркетолягі пакуль адказаць ня могуць.
XS
SM
MD
LG