Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парлямэнцкія выбары, якія адбыліся ўчора ў Іраку, вызначыліся нечакана высокай яўкай выбарцаў


Юры Дракахруст, Прага Паводле папярэдніх ацэнак у галасаваньні ўзялі ўдзел каля 60% дарослага насельніцтва. Канчатковыя вынікі выбараў будуць вядомыя праз 7-10 дзён. Часовы прэм’ер-міністар Іраку Іяд Аляўі назваў нядзельныя выбары “перамогай над тэрарызмам”.

Учора ў Іраку адбыліся першыя за паўстагодьдзя ўсеагульныя шматпартыйныя выбары. Напярэдадні галасаваньня паўстанцы разгарнулі кампанію тэрору і запалохваньняў, пагражаючы кожнаму, хто наважыцца пайсьці да выбарчых скрыняў. Нягледзячы на надзвычайныя захады бясьпекі, сэрыя нападаў была ўчыненая і ў дзень галасаваньня – ад іх па краіне загінула прынамсі 40 чалавек. І тым ня менш большасьць іракцаў пагрозы ўсё ж не спалохалі. Вось як патлумачыў, чаму ён пайшоў галасаваць, адзін жыхар Багдада.

(Багдадзец: ) “Я хацеў быць адным зь першых на выбарчым участку, каб дапамагчы пераадолець страх тым людзям, якія баяцца ісьці галасаваць. Гэта новы досьвед. Раней мы маглі галасаваць толькі за аднаго чалавека, цяпер мы маем выбар. І з Божай дапамогай пераможца на гэтых выбарах не расчаруе нас”.

У некаторых рэгіёнах краіны тэрмін галасаваньня быў працягнуты на дзьве гадзіны ў сувязі зь вялікім наплывам выбарцаў, якія жадалі прагаласаваць. Аднак спраўдзіліся папярэднія прагнозы і перасьцярогі наконт параўнальнай выбарчай актыўнасьці розных этнічных і рэлігійных групаў. На поўдні, населеным пераважна шыітамі, і на поўначы, дзе жывуць курды, да выбарчых скрыняў стаялі даўгія чэргі. Тым часам у гарадох так званага суніцкага трохкутніка – Фалюджа, Самара, Рамадзі, Тыкрыт, выбарчыя ўчасткі стаялі пустыя, напрыклад у буйным горадзе Рамадзі прагаласавала ўсяго толькі 300 чалавек, у асноўным мясцовыя паліцэйскія і салдаты. Аднак, скажам, у вёсках вакол Рамадзі галасаваньне ішло даволі актыўна.

Падчас папярэдніх апытаньняў толькі 9% сунітаў сказалі, што пэўна пойдуць галасаваць, а 76% сунітаў заявілі, што галасаваць дакладна ня пойдуць. Шэраг палітыкаў-сунітаў заклікалі байкатаваць выбары, да таго ж менавіта ў “суніцкім трохкутніку” найбольш актыўна дзейнічаюць паўстанцы.

Але ў любым выпадку агульная яўка на выбары была вышэйшая за прагнозы. Часовы прэм’ер-міністар Іраку Іяд Аляўі сёньня заявіў

(Аляўі: ) “Учора быў вялікі дзень для нашага народу і для нашай краіны, гэта гістарычны дзень зь любога пункту гледжаньня. Жыхары Іраку паказалі ўсяму сьвету сваю мужнасьць і любоў да свабоды. Кожны мог бачыць, як іракцы ў гарадох і вёсках ішлі на выбары, узброеныя жаданьнем дамагчыся свабоды, дэмакратыі і годнасьці”.

Учорашняе галасаваньне ў Іраку вітаў прэзыдэнт ЗША Джордж Буш.

(Буш: ) “Шлях да дэмакратыі даўгі, але іракцы паказалі, што яны годна адказваюць на гэты выклік. Ад імя амэрыканскага народу я віншую іракцаў з гэтым вялікім гістарычным дасягненьнем”.

Зразумела, ня ўсе падзяляюць аптымістычны погляд прэзыдэнта ЗША. Напрыклад, нямецкая газэта Frankfurter Rundschau піша, што ірацкія выбары не былі свабодныя, бо “праводзіліся ва ўмовах надзвычайнага становішча”, не былі справядлівыя, бо “кандыдаты, выбраныя акупацыйнымі ўладамі, мелі амаль манаполію на тэлеэфір”, і не былі дэмакратычныя, бо “імёны кандыдатаў да апошняга часу трымаліся ў сакрэце”. Нямецкая газэта мяркуе, што пасьпяховымі выбары ў Іраку можна лічыць толькі ў тым сэнсе, што іх наагул удалося правесьці.

Нават крытыкі і скептыкі пагаджаюцца з тым, што нядзельныя выбары ў Іраку – крок у правільным накірунку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG