Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хойніцкі райвыканкам абвінавачвае спэцыялізаванае прадпрыемства “Палесьсе” ў закопваньні ў зямлю чарнобыльскіх грошай


Казімер Яноўскі, Гомельская вобласьць Старшыня райвыканкаму Мікала Садчанка лічыць, што сродкі павінны быць накіраваны перш за ўсё на забесьпячэньне насельніцтва якаснай пітною вадою.

Гомельскае спэцыялізаванае прадпрыемства “Палесьсе” закапала летась у зямлю ў Хойніцкім раёне 125 пакінутых пасьля Чарнобылю падворкаў. Хавалі пабудовы пераважна ў вёсках Леніна ды Стралічава. На гэта Камчарнобыль выдаткаваў звыш 280 мільёнаў рублёў. Але ў вёсцы Стралічава вострай застаецца праблема рамонту вадаправоду і забесьпячэньня людзей якаснай пітной вадой. Таму райвыканкам і скрытыкаваў прадпрыемства “Палесьсе”, абвінаваціўшы яго ў закопваньні ў зямлю чарнобыльскіх грошай.

Распавядае загадчыца чарнобыльскага аддзелу райвыканкаму Натальля Кароцькіна:

(Кароцькіна: ) “Вада ў нас іншы раз ідзе такая, што яе нельга спажываць у ежу — карычневая, страшная, іржавая. Гэта ня толькі ў Стралічаве, але і ў горадзе таксама”.

Падобныя праблемы з забесьпячэньнем вадою зьведваюць вясковыя жыхары Дубровіцы, Вялікага Бору, Партызанская ды іншых паселішчаў. Я зьвязаўся з дырэктарам спэцпрадпрыемства “Палесьсе”. Юры Павераны так пракамэнтаваў прэтэнзіі да прадпрыемства з боку Хойніцкага райвыканкаму:

(Павераны: ) “У нас зусім іншы профіль работы. Мы займаемся дэзактывацыяй адкрытых тэрыторыяў дзіцячых дашкольных установаў, школаў, шпіталёў, аб’ектаў народнай гаспадаркі ды пахаваньнем радыеактыўных вёсак”.

Паводле дырэктара, праграму пахаваньня радыяцыйных вёсак фінансуе Камчарнобыль на падставе замоваў аблвыканкаму і рэгіянальнай санітарнай службы. Калі мясцовым уладам трэба вырашаць у першую чаргу пытаньні забесьпячэньня жыхароў радыяцыйных паселішчаў якаснай пітной вадой, яны і павінны дамагацца адпаведнага фінансаваньня ў Камчарнобылі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG