Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праблемы са спагнаньнем ПДВ у гандлі з Расеяй віцэ-прэм’ер Андрэй Кабякоў называе “шуміхай”


Юлія Шарова, Менск Большасьць складанасьцяў зь пераходам на новую схему спагнаньня ўскосных падаткаў у гандлі з Расеяй удалося пераадолець. Пра гэта заявіў сёньня віцэ-прэм’ер беларускага ўраду Андрэй Кабякоў. Зь ягоных словаў, суб’екты гаспадараньня пачалі разьбірацца ў новай сыстэме і таваразварот паміж дзьвюма краінамі не павінен зьменшыцца.

Паводле зьвестак беларускай амбасады ў Маскве, таваразварот паміж дзьвюма краінамі за студзень можа зьнізіцца амаль удвая. Віцэ-прэм’ер беларускага ўраду Андрэй Кабякоў заўважае, што расейскія фірмы першую дэкаду месяца былі на вакацыях і наагул не працавалі, таму таваразварот мог часова зьнізіцца, але да канца месяца павінен быць адноўлены.

(Кабякоў: ) “Па выніках студзеня на экспарт у Расейскую Фэдэрацыю ня будзе ніжэйшым за ўзровень мінулага году. Працэс узаемнага гандлю ні ў якім разе не спыніўся, нармальна разьвіваецца. Па асобных прадпрыемствах яшчэ ёсьць пэўныя моманты, але тут чыста грамадзянска-прававыя адносіны, якія яны, я мяркую, урэгулююць найбліжэйшым часам, і таваразварот паміж гэтымі арганізацыямі адновіцца”.

Віцэ-прэм’ер Кабякоў цьвердзіць, што некаторыя беларускія экспартэры нават павялічылі пастаўкі ў Расею ў студзені, напрыклад, фірма “Мілавіца”, экспарт якой узрос на 30%.

Таксама, паводле Андрэя Кабякова, большасьць прадпрыемстваў і фірмаў усё ж ачысьлілі цэны на свае тавары ад падатку на даданую вартасьць, але ёсьць і такія, што адмаўляюцца гэта рабіць насуперак міжурадаваму пагадненьню.

(Кабякоў: ) “Мы будзем праводзіць апдаведную працу з нашымі дастаўцамі й з нашымі суб’ектамі гаспадараньня, каб штучна не ўздымалі кошты і не гублялі ўласныя ж рынкі. Мы далі сваім суб’ектам гаспадараньня рэкамэндацыі наконт таго, што калі не ідуць нашыя партнэры ў Расеі на зьняцьцё ПДВ з кошту, то мы шукаем іншых партнэраў. Папросту патрэбны час. Там, дзе не атрымалася пераканаць адзін аднаго, давядзецца выпрабаваць ілбы”.

На той выпадак, калі расейскія дастаўцы ўсё ж ня зьнізяць цану на памер ПДВ, Беларусь можа пачаць закупаць тыя ж тавары ва Ўкраіне, заявіў віцэ-прэм’ер Андрэй Кабякоў.
XS
SM
MD
LG