Лінкі ўнівэрсальнага доступу

FM-вяшчаньне неўзабаве можа быць зьнішчанае як бізнэс: розьніца між станцыямі паступова зьнікае


Ігар Карней, Менск Месяц таму Міністэрства інфармацыі Беларусі перавяло ў практычнае рэчышча жаданьне Аляксандра Лукашэнкі чуць на тры чвэрці ў FM-эфіры выканаўцаў беларускага паходжаньня. Пра сур’ёзнасьць намераў засьведчылі папярэджаньні станцыям, якія спрабавалі ігнараваць загад. Беларускія музыкі зазначаюць: цягам гэтага часу агульная сытуацыя ніяк не зьмянілася, і шэраг артыстаў па-ранейшаму ня маюць доступу ў радыёэфір.

Падчас паседжаньня калегіі Міністэрства інфармацыі намесьнік кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Алег Праляскоўскі заявіў, што 75% беларускай музыкі ў эфіры — гэта важнае палітычнае пытаньне, і калі не абаронім эфір ад замежнай папсы, у Беларусі ніколі ня зьявіцца ўласны шоў-бізнэс. У зьвязку з гэтым абвешчана, што ўжо па часе будзе створаны дзяржаўны прадусарскі цэнтар, які аб’яднае “найлепшыя айчынныя кадры”.

Прадусар Юры Цыбін лічыць, што галоўнае цяпер — хоць бы захаваць прапорцыі моўнага гучаньня.

(Цыбін: ) “Так, павінны гучаць расейскамоўныя песьні, але гэтак жа, як і беларускія, польскія, габрэйскія — усё павінна быць у эфіры, усё тое, што мае тут свае карані ці народжанае ў Беларусі”.

На радыёстанцыях па-рознаму падсумоўваюць першыя вынікі экспэрымэнту Мінінфармацыі. Кіраўніцтва “Радыё Рокс” у зьвязку з новымі патрабаваньнямі цалкам зьмяніла фармат: на “Роксе” палічылі, што спалучаць усясьветную рок-клясыку з сучаснай эстрадай нелягічна, і аддалі вяшчаньне расейскамоўным выканаўцам. Пра зьмены кажа і галоўны рэдактар “Аўтарадыё” Юры Базан:

(Базан: ) “Дагэтуль мы выкарыстоўвалі беларускую клясыку, выканаўцаў, якія калісьці былі папулярныя, крыху меней зьяўлялася моладзі. Усе запісы былі пераважна на беларускай мове. Цяпер, натуральна, болей (значна болей) дадалі беларускіх выканаўцаў на расейскай мове”.

У кулюарах скардзяцца, што FM-вяшчаньне неўзабаве можа быць зьнішчанае як бізнэс. Месяц экспэрымэнту ўжо паказаў зьніжэньне інтарэсу да радыёрэклямы з боку рэклямадаўцаў. Назіральнікі канстатуюць, што сэнсавая і стылёвая розьніца паміж станцыямі паступова зьнікае, а эфір пераўтвараецца ў паток адных і тых жа выканаўцаў — новых беларускіх песьняў практычна не зьяўляецца. Да таго ж, дзяржаўная ідэалёгія скіроўвае выканаўцаў і слухачоў у расейскамоўны фармат. Застаецца пад нефармальнай забаронай ў FМ-эфіры цэлы шэраг папулярных беларускамоўных гуртоў, якія летась бралі ўдзел у акцыях апазыцыі. Саліст гурту “Нэйра-Дзюбэль” Аляксандар Кулінковіч канстатуе, што магчымасьцяў працаваць ўсё меней. Аднак раіць калегам, якія патрапілі ў “апазыцыйны пул”, не апускаць рук.

(Кулінковіч: ) “Працягваць працаваць — гэта адзінае, што могуць зрабіць у такой сытуацыі музыкі. Натуральна, мы будзем браць удзел, як і дагэтуль, у якіхсьці акцыях, выказваць сваё меркаваньне — ня ў песьнях, а проста грамадзянскую пазыцыю. І пісаць песьні, дзесьці іх іграць, спрабуючы данесьці да слухача. Гэта будзе самае лепшае. Калі хто цяпер апусьціць рукі, гэта будзе нашмат горш”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG