Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад зацьвердзіў новы бюджэт пражытковага мінімуму на чалавека


Міхал Стэльмак, Менск Ці адлюстроўвае ён сапраўдны ўзровень жыцьця беларусаў? Адказ на гэтае пытаньне шукаў наш карэспандэнт.

Паводле ўрадавай пастановы, цяперашні пражытковы мінімум беларусаў складае ў сярэднім 135 тысяч 150 рублёў. У параўнаньні з папярэднім паказьнікам, ён вырас амаль на 7 тысяч рублёў. Як патлумачыла кіраўніца аддзелу сацыяльных стандартаў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Тамара Рак, новы паказьнік грунтуецца на сьнежаньскіх цэнах у краіне:

(Рак: ) “Харчаваньне, нехарчовыя тавары, адзеньне, абутак, прадметы агульнасямейнага карыстаньня. Больш за ўсё, вядома, павялічыліся кошты на жыльлёва-камунальныя паслугі”.

(Карэспандэнт: ) “Як гэты паказьнік суадносіцца з узроўнем беднасьці ў Беларусі?”

(Рак: ) “У нас у законе сказана, што грамадзяне і сем’і, у якіх даходы меншыя за бюджэт пражытковага мінімуму, прызнаюцца малазабясьпечанымі”.

Паводле спадарыні Рак, бюджэт пражытковага мінімуму выкарыстоўваецца для аналізу і ацэнкі дабрабыту беларусаў. Малазабясьпечаных зь іх, як вынікае з афіцыйнай статыстыкі, цяпер каля 19%. Таксама ў адпаведнасьці зь бюджэтам пражытковага мінімуму адбываецца вызначэньне памераў заробкаў, пэнсіяў і іншых сацыяльных выплатаў. Наколькі дасканалы гэты паказьнік у пытаньнях сацыяльнай абароны насельніцтва? Вось што зазначыў на гэты конт экспэрт недзяржаўнага Інстытуту прыватызацыі і мэнэджмэнту Аляксандар Чубрык:

(Чубрык: ) “Сам па сабе гэты паказьнік не адлюстроўвае рэальнай карціны беднасьці ў краіне. Варта зьвярнуць увагу на слова “малазабясьпечаны”, якім карыстаюцца ўлады. Яны не карыстаюцца тэрмінам “галеча”, а карыстаюцца словам “малазабясьпечаны”. Але ж, як я лічу, гэтыя людзі бедныя ў самым клясычным вызначэньні”.

Насамрэч, як вынікае з тлумачэньня незалежных экспэртаў, бедных людзей у Беларусі больш, чым падае афіцыйная статыстыка. Напрыклад, Салігорск, празь дзейнасьць “Беларуськалія”, лічыцца заможным па беларускіх мерках рэгіёнам. Аднак, паводле каардынатаркі салігорскага Жаночага руху Ларысы Насановіч, і тут процьма жыхароў, якія ледзьве сточаць канцы з канцамі:

(Насановіч: ) “Ёсьць такія прадпрыемствы, як “Купалінка”, “Калінка”, “Надзея” — цалкам жаночыя прадпрыемствы. Там зарабляюць мізэр, і на жыцьцё, вядома, не хапае. А тое, што ўлады сьцьвярджаюць, што людзі пачалі лепш жыць — “вітрына”, за якой іншае жыццё. Трэба зазначыць, што многія саромеюцца сваёй беднасьці, таму гэта скажае рэальную статыстыку. Сядзіць чалавек на хлебе з вадою і галадае, але пра гэта сорамна сказаць”.
XS
SM
MD
LG