Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія нацыянальныя сымбалі могуць быць сымбалямі прэзыдэнцкай улады? Якой можа быць працэдура перадачы найвышэйшай улады ў Беларусі?


Вячаслаў Ракіцкі, Менск (эфір 29 студзеня) Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнічаюць палітык Вінцук Вячорка і пісьменьнік Уладзімер Арлоў.

(Вячаслаў Ракіцкі: ) “У мінулую нядзелю новы кіраўнік украінскай дзяржавы Віктар Юшчанка прыняў прысягу прэзыдэнта Ўкраіны. Словы клятвы ён прамаўляў, паклаўшы руку на старажытнае рукапіснае Перасопніцкае Эвангельле і Канстытуцыю. У залі парлямэнту Віктару Юшчанку былі ўручаныя знак прэзыдэнта ў выглядзе нагруднага ланцугу, эталён прэзыдэнцкай пячаткі і булава Багдана Хмяльніцкага — знак вярхоўнага галоўнакамандуючага. Уся цырымонія адбывалася пад “Прэзыдэнцкім штандарам”. Была прамоўленая і малітва за Ўкраіну. Нашы слухачы, якія глядзелі тэлетрансьляцыю інаўгурацыі, задаюць пытаньне: а якой можа быць працэдура інаўгурацыі беларускага дэмакратычнага прэзыдэнта, калі такі будзе абраны народам?

Зазначу, што нашыя экспэрты — і Ўладзімер Арлоў, і Вінцук Вячорка — былі непасрэднымі відавочцамі аранжавай рэвалюцыі. Пад бел-чырвона-белымі сьцягамі яны прадэманстравалі сваю падтрымку ўкраінскім калегам і сябрам. А Вінцук Вячорка як старшыня Партыі БНФ у якасьці госьця прысутнічаў на інаўгурацыйных мерапрыемствах. І вось вам першае пытаньне: ці магчымае перайманьне ў Беларусі новага досьведу суседняй дзяржавы?”

(Вінцук Вячорка: ) “Для таго, каб пераняць менавіта гэты, студзеньскі досьвед Украіны, трэба, каб Беларусь стала іншаю дзяржаваю. Рэч у тым, што ўведзены ў інаўгурацыйную ўрачыстасьць вельмі істотны, ключавы кампанэнт — прысяга ўкраінскага прэзыдэнта непасрэдна ўкраінскаму народу: прысяга на Майдане, прысяга з новымі, раней ня бачанымі ў іншых эўрапейскіх сталіцах, рытуаламі, прысяга ў прысутнасьці ўсёй сваёй сям’і. Цікава, што Юшчанка выпусьціў белых галубоў у неба. Гэта былі крымскія галубы, і яны паляцелі ў Крым. І я адразу прыгадаў першаснае значэньне слова “інаўгурацыя”: гэта наданьне ў старажытным Рыме статусу аўгура — сьвятара, які паводле крыку і руху птушак адгадвае волю багоў. То бок, прадэманстраваная еднасьць абноўленага Кіева з эўрапейскай, рымскай цывілізацыяй”.

(Уладзімер Арлоў: ) “Украінскі досьвед заслугоўвае перайманьня ў тым сэнсе, што інаўгурацыя не павінна нагадваць паседжаньне гаспадарчага актыву, адбывацца кулюарна, а павінна быць актам агульнадзяржаўнага гучаньня”.

(Ракіцкі: ) “З вашага гледзішча, ці ёсьць гэта важным у 21 стагодзьдзі далучэньне да нацыянальнай традыцыі на такім высокім палітычным узроўні? Сымбалі прэзыдэнцкай улады ва Ўкраіне былі дастаўленыя з нацыянальных і замежных сховішчаў. Ці варта выцягваць з музэяў і архіваў экспанаты і рабіць іх сымбалямі прэзыдэнцкай улады?”

(Арлоў: ) “Менавіта нацыянальная ідэя аб’яднанала бальшыню ўкраінскіх выбаршчыкаў і прывяла да перамогі Віктара Юшчанку. Я ня бачу іншай ідэі, якая магла б задзіночыць беларусаў дзеля зьмены сытуацыі ў нашай краіне. Таму нацыянальныя традыцыі ў той ці іншай ступені павінны прысутнічаць у такой надзвычай важнай дзяржаўнай падзеі, як уступленьне прэзыдэнта на сваю пасаду. Гэта будзе падкрэсьліваць адданасьць найвышэйшай дзяржаўнай асобы найперш інтарэсам сваёй нацыі, сваёй дзяржавы”.

(Вячорка: ) “Інаўгурацыя — гэта цырымонія, якая мае адно функцыянальнае значэньне: абазначыць момант перадачы ўлады ад папярэдняга кіраўніка наступнаму. Абазначыць гэтую сэкунду, ахінуўшы яе цэлай нізкай рытуалаў, момантаў, дэталяў, якія сьведчаць пра падмурак дзяржавы, пра яе далейшую арыентацыю і выбар, пра яе цывілізацыйную прыналежнасьць, а таксама задаць моду на каштоўнасьці, арыентацыі вялікім сацыяльным групам — перадусім элітам. Вось чаму ўкраінцы вельмі дакладна прадумалі кожную дэталь інаўгурацыі. Віктар Юшчанка зьвярнуўся да дзяржаўных сымбаляў казацтва — таго гістарычнага фэномэну, што адназначна трактуецца як украінскі.

Але былі іншыя моманты. Прыкладам, Кацярына Юшчанка ў аздабленьні вопраткі скарыстала (ясна, што часова) херсанэскае ўпрыгожаньне, што павінна было падкрэсьліць, што ўкраінская дзяржава ўзьнікла не ў 1991 годзе і нават не ў 1918 годзе, хоць гімн “Ще не вмерла Україна” — гэта менавіта гімн Украінскай Народнай Рэспублікі”.

(Ракіцкі: ) “Сёньня атрыбутам улады прэзыдэнта Беларусі зьяўляецца па сутнасьці толькі прэзыдэнцкі штандар — дзяржаўны сьцяг з упісаным у яго поле дзяржаўным гербам. Яшчэ ў часе інаўгурацыі Лукашэнкі яму ўручылі прэзыдэнцкае пасьведчаньне. А якія сымбалі найвышэйшай улады існавалі ў старажытнай беларускай дзяржаве? Ці існавалі ў старажытнай беларускай дзяржаве традыцыі перадачы найвышэйшай улады? Што зь іх можа быць выкарыстана ў выпадку прыходу да ўлады ў Беларусі дэмакратычнага прэзыдэнта? Давайце тут абмяжуемся пераважна пэрыядам поўнай дзяржаўнай самастойнасьці беларускіх земляў — гэта значыць, часамі Вялікага Княства Літоўскага”.

(Арлоў: ) “Атрыбутамі найвышэйшай дзяржаўнай улады ў пэрыядзе Вялікага Княства Літоўскага скіпэтар ці бэрла (паводле слоўніка Вацлава Ластоўскага), залаты яблык з крыжам наверсе як яшчэ адзін сымбаль улады, а таксама вялікакняскі меч. З тым альбо іншым атрыбутам улады мы бачым нашых манархаў на гравюрах славутай хронікі эўрапейскай Сарматыі Аляксандра Ваніні: Міндоўг зь мячом, Віцень Гедымін таксама зь мячом, Альгерд са скіпэтрам, Ягайла трымае скіпэтар і яблык у руках, у Вітаўта ў руках таксама скіпэтар. У часе дзяржаўных і вайсковых урачыстасьцяў у тыя часы абавязкова прысутнічалі герб і сьцяг дзяржавы. Гербам была, як вядома, “Пагоня”.

Дзяржаўны сьцяг да 16 стагодзьдзя ўяўляў сабой пурпуровае (чырвонае) палотнішча з вышытай на ім з аднаго боку “Пагоняй”, а з другога — Багародзіцай з Ісусам-немаўляткам. У часе ўрачыстасьцяў гучаў гімн. Скажам так, што гімна ў клясычным разуменьні слова ў ВКЛ, як і ў іншых эўрапейскіх дзяржавах, не існавала. Але нашым старажытным гімнам мы можам лічыць “Багародзіцу” — старажытную малітву, словы якой і музыку стварылі нашыя продкі яшчэ ў 13 стагодзьдзі. Гістарычныя хронікі сьведчаць, што “Багародзіцу” сьпявала ўсё нашае войска напярэдадні “Грунвальдзкай бітвы”. “Багародзіца” гучала і напярэдадні іншых бітваў, і агульнадзяржаўных урачыстасьцяў”.

(Ракіцкі: ) “Ведама, што людзі звычайна прысягаюць на тым, што ім дорага. Якія нацыянальныя сьвятыні Беларусі могуць стаць сымбалямі прэзыдэнцкай улады? На якіх нацыянальных сьвятынях, з вашага гледзішча, можа прысягнуць Айчыне і свайму народу будучы прэзыдэнт будучай дэмакратычнай дзяржавы?”

(Вячорка: ) “Мне здаецца, што мы павінны падкрэсьліваць шматэтапнасьць узьнікненьня і існаваньня нашае дзяржаўнасьці. У прадмове да Канстытуцыі напісана, што грунтуецца Канстытуцыя на шматвекавой гісторыі разьвіцьця беларускай дзяржаўнасьці. Відавочна, што і сымбалі, на якіх прысягаць (і, магчыма, мясьціны, дзе прысягаць), павінны быць зьвязаныя з гэтымі вяхамі — Полацак, Наваградак, можа быць, Нясьвіж. Трэба таксама прадумаць, якая мясьціна ў Менску павінна была б быць такім пляцам — нашым Майданам Незалежнасьці. Зрэшты, у нас ёсьць Плошча Незалежнасьці, дзе прысяга магла б адбыцца.

Што да музычнага складніка інаўгурацыі, мне здаецца, што шматстайнасьць рытуалу дазволіла б знайсьці месца і “Багародзіцы”, і “Мы выйдзем шчыльнымі радамі” — гімну барацьбітоў за ідэалы БНР, і духоўнаму гімну “Магутны Божа”. Пры гэтым я цяпер не чапаю дыскусіі, якім павінен быць наш дзяржаўны гімн, хаця асабіста лічу, што тут павінна быць традыцыя БНР. Дарэчы, урачысты інаўгурацыйны канцэрт у Кіеве, дзе былі прадстаўленыя проста раскошна выкананыя ўзоры ўкраінскай клясыкі і народнае музыкі, быў завершаны не абы-чым, а 9-й сымфоніяй Бэтховэна — “Одай да радасьці” на нямецкай мове, гімнам аб’яднанай Эўропы”.

(Арлоў: ) “Што тычыцца нацыянальных сьвятыняў, якія маглі б стаць сымбалямі найвышэйшай дзяржаўнай улады… Калі б на радзіму вярнулася галоўная нацыянальная сьвятыня — Крыж Эўфрасіньні Полацкай, то прэзыдэнт абавязкова павінен быў бы прысягаць на гэтым крыжы — сымбалі нашай старажытнай далучанасьці да хрысьціянскай цывілізацыі і адначасна сымбалі нашай старажытнай дзяржаўнасьці. Яшчэ я думаю пра тое, што варта было б выкарыстаць у інаўгурацыйным рытуале Скарынаву Біблію. Гэта нагадала б сьвету пра нашу эўрапейскую гісторыю і культуру, пра тое, што беларусы атрымалі друкаванае Сьвятое Пісьмо на сваёй мове раней за большасьць эўрапейскіх народаў, у тым ліку раней за французаў, ангельцаў.

Я згодны са спадаром Вячоркам, што нейкая частка інаўгурацыйных урачыстасьцяў павінна была б адбыцца ў Полацку, там, дзе калыска нашай дзяржаўнасьці, дзе пачатак тысячагадовай традыцыі нашай дзяржаўнасьці. І я лічу, што гэта магло б адбыцца ў Сафійскім саборы, альбо на Верхнім замку ў Полацку, дзе, я спадзяюся, у бліжэйшы час паўстане конны помнік Усяславу Чарадзею — аднаму з будаўнікоў і абаронцаў нашай старажытнай дзяржавы. Сафію можна ўмоўна лічыць экумэнічным храмам, бо сабор, на шчасьце, ня быў перададзены ніводнай з канфэсіяў, якія заяўлялі на яго свае правы, дарэчы, гістарычна абгрунтаваныя. Яшчэ я нагадаю, што Сафія была сымбалем нашай дзяржаўнасьці, якая сымбалізавала роўнасьць Полацку з Кіевам і Ноўгарадам у тыя часы”.

(Вячорка: ) “Я дадаў бы да тых важных зьяваў культуры, апрадмечаных сымбаляў, на пераемнасьць зь якімі мусіць абапірацца лідэр беларускай дзяржавы, таксама Статут Вялікага Княства, які быў адной зь першых у Эўропе адначасна і Канстытуцыяў, і прававых кодэксаў, і сьведчыў пра дэмакратычную сьпеласьць беларускага грамадзтва. Яшчэ дадаў бы Слуцкі пояс, які мог бы быць складовай часткай пасьвячэньня лідэра дзяржавы ў культурна-эстэтычную традыцыю Беларусі. Я таксама падумаў бы пра такі сучасны знак адраджэньня Беларусі, як той самы сьцяг, які лунаў над найвышэйшым уладным будынкам да 1994 году і які быў ганебна парваны на кавалкі. Вось гэтыя кавалкі павінны быць знойдзеныя, сабраныя і асьвячоныя. І,магчыма, новы лідэр беларускай дзяржавы меў бы ўдарыць у звон Свабоды, ідэя стварыць які цяпер узьнікла ідэя ў нашых мастакоў, і ўзьвіжаньне якога мае адбыцца сёлета 25 сакавіка”.

(Ракіцкі: ) “Ва Ўкраіне працэдура інаўгурацыі была адмыслова распрацаваная на дзяржаўным узроўні, і нашыя экспэрты сёньня таксама прыходзяць да высновы, што нягледзячы на тое, як будуць разьвівацца палітычныя працэсы ў Беларусі, але ўжо сёньня гісторыкі і палітыкі маюць працаваць у кірунку дасьледаваньня і далейшай распрацоўкі нацыянальнай традыцыі перадачы найвышэйшай улады. Пры гэтым, перадусім мець на ўвазе дзяржавапераемнасьць”.
XS
SM
MD
LG