Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кангрэс дэмакратычных сілаў Беларусі можа прайсьці ў Кіеве


Уладзімер Глод, Менск Гэтае мерапрыемства стане апошнім этапам кампаніі пошуку найлепшага кандыдата ад дэмакратычнай апазыцыі на пасаду кіраўніка беларускай дзяржавы. Яно заплянаванае на 28–29 траўня.

Фінальнаму кангрэсу будуць папярэднічаць сем рэгіянальнах — у кожнай вобласьці і сталіцы. Усе яны будуць праведзены ў першай палове траўня. Лідэр Партыі БНФ Вінцук Вячорка лічыць, што найлепшым месцам заключнага кангрэсу, безумоўна, быў бы адзін зь беларускіх гарадоў:

(Вячорка: ) “Будзе рабіцца ўсё дзеля таго, каб і рэгіянальныя кангрэсы, і заключны кангрэс дэмакратычных сілаў адбыліся ў нашай краіне. Разам з тым, могуць быць усялякія акалічнасьці. Я добра памятаю, што ўсе спробы правесьці ўстаноўчы сход Беларускага Народнага Фронту ў Менску наткнуліся на шалёны супраціў тагачаснай улады, і мы яго праводзілі ў Вільні. Вось чаму і тут трэба мець пэўныя запасныя варыянты.

Чаму Ўкраіна? Хаця б таму, што гэта вельмі відавочны прыклад пераходу ад рэжыму з сумнеўнай дэмакратыяй да сапраўды дэмакратычнага выбару менавіта праз волю народу. Гэта ёсьць для нас абсалютна відавочны ўзорам. А па-другое, пра Ўкраіну ніякая лукашэнкаўская прапаганда ня зможа сказаць, што гэта штосьці чужое нам, гістарычна варожае, не сваё і г.д. Якраз Украіна свая. І ўжо цяпер мы заўважаем, што афіцыёзная прапаганда знаходзіцца ў тупіку і ў бездапаможным стане, спрабуючы абгадзіць тую пэрспэктыву, якую Ўкраіна набыла”.

Генэральны сакратар Украінскай народнай партыі, якая ўваходзіць у блёк “Наша Ўкраіна”, прафэсійны дыплямат Багдан Сакалоўскі лічыць, што, на ягоную думку, ня можа быць перашкодаў для правядзеньня кангрэсу ў Кіеве, паколькі міжнародная практыка мае шмат прыкладаў, калі розныя важныя форумы адбываліся за межамі той ці іншай краіны:

(Сакалоўскі: ) “Думаю, калі беларуская ўлада афіцыйна выставіць нейкія аргумэнты супраць, дык тады будзем з гэтай нагоды дыскутаваць. Але мне здаецца, кожная афіцыйная ўлада, у тым ліку і беларуская, павінна быць зацікаўленая ў пасярэдніцкай місіі іншых дзяржаваў. Мы, украінцы, можам дастаткова добра дапамагчы непасрэдна беларусам ў перамоўным працэсе паміж апазыцыяй і афіцыйнай уладай”.

Спадар Сакалоўскі згадаў, што зусім нядаўна Ўкраіна прайшла праз складаны перамоўны працэс з удзелам прэзыдэнтаў Польшчы і Літвы, прадстаўнікоў эўрапейскіх структураў ды іншых міжнародных пасярэднікаў. І, на ягоную думку, гэта нармальная практыка на шляху да дэмакратызацыі.
XS
SM
MD
LG