Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каб ня быць пакаранымі, ждановіцкія прадпрымальнікі павінны заплаціць разам у бюджэт мільён даляраў


Міхал Стэльмак, Менск Канфлікт прадпрымальнікаў і падатковых органаў пагражае дэстабілізаваць дзейнасьць самага буйнага ў Беларусі гандлёвага цэнтру “Ждановічы”, што пад Менскам.

У чым сутнасьць ждановіцкага канфлікту? Паводле бакоў, цяперашнія падзеі тут сталі наступствам леташніх рашэньняў уладаў, якія тычацца гэтай гандлёвай кропкі. “Ждановічы”, якія раней называліся рынкам, зьмянілі свой статус. І ўжо некалькі месяцаў гэты аб’ект мае юрыдычны статус гандлёвага цэнтру.

Як сьцьвярджаюць падаткавікі, такая зьмена аўтаматычна мяняе падатковыя правілы. І калі раней дробныя бізнэсоўцы, што працавалі на рынку ня поўны месяц, мелі ільготнае падаткаабкладаньне і плацілі меншыя падаткі за сваю гандлёвую дзейнасьць, то абвяшчэньне “Ждановічаў” гандлёвым цэнтрам нібыта скасавала іх.

А вось што на гэты конт паведамілі мне ждановіцкія прадпрымальнікі:

(Спадарыня Галіна: ) “Таму гэта адбылося, што зрабілі “Ждановічы” гандлёвым цэнтрам. Усе рабілі ліцэнзіі адзін раз, а мы – двойчы. Таму што нам ня сказалі, што павінны быць тут іншыя ліцэнзіі”.

(Спадарыня Натальля: ) “Заднім днём нас, тых хто адпрацаваў 10 дзён, абавязваюць выплаціць за пяць месяцаў”.

(Спадарыня Вера: ) “Увялі гэта ў закон”.

(Спадарыня Люба: ) “Яны робяць тое, што ім выгадна. А тое, што нам добра, то яны да нас ня прыслухоўваюцца”.

(Спадарыня Сьвятлана: ) “А мы тут стаім на брудным месцы. Нас лічаць “бандытамі”. Да нас прымяняюць крымінальнае заканадаўства. А між тым мы папаўняем казну, аплочваем пэнсіі”.

(Спадарыня Натальля: ) “Памянялі адрас. Тут быў раней гандлёвы дом, а зараз стаў гандлёвы цэнтар, і зараз мы з гэтай ліцэнзіяй ня можам пайсьці на іншы рынак. Каб зрабіць гэта, нам трэба дадаткова плаціць сорак ці пяцьдзесят эўра. Гэта проста зьдзек”.

Якім можа быць разьвіцьцё гэтага канфлікту? Падатковыя органы папярэдзілі прадпрымальнікаў, што ігнараваньне іх указаньняў будзе мець для іх цяжкія наступствы. Ня выключана, што ўжо ў самы бліжэйшы час ім забароняць гандляваць. Гэтая магчымая забарона тычыцца, трэба сказаць, вялікай колькасьці бізнэсоўцаў.

Паводле зьвестак грамадзкага аб’яднаньня прадпрымальнікаў “Пэрспэктыва”, на вуліцу пры такім разьвіцьці падзеяў у “Ждановічах” будуць выкінутыя каля тысячы чалавек. З мэтай прадухіленьня такога сцэнару кіраўніцтва “Пэрспэктывы” на мінулым тыдні паінфармавала пра канфлікт адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі. Гэтае грамадзкае аб’яднаньне, як вынікае з тлумачэньня яго лідэра Анатоля Шумчанкі, разьлічвае, што чыноўнікі прэзыдэнцкай адміністрацыі ня дапусьцяць сацыяльнага выбуху. Тым больш што, паводле Шумчанкі, праўда на баку бізнэсоўцаў.

А што думаюць на конт канфлікту ў гандлёвым цэнтры “Ждановічы” незалежныя экспэрты? Назіральнікі зьвяртаюць увагу на працяг палітыкі, паводле якой беларускія прадпрымальнікі працягваюць заставацца бяспраўнай катэгорыяй насельніцтва. Маўляў, пры любой зручнай магчымасьці ад іх патрабуюць падзяліцца зь дзяржавай сваімі даходамі.

Напрыклад, канфлікт у гандлёвым цэнтры “Ждановічы” ацэньваецца ў мільён даляраў. Менавіта такую суму ждановіцкія прадпрымальнікі, да якіх ёсьць падатковыя прэтэнзіі, павінны ўплаціць разам у бюджэт, каб ня быць пакаранымі. Таму, паводле экспэртаў, дзяржаве выгадна мяняць той жа статус гандлёвых кропак, як гэта адбылося са “Ждановічамі”, альбо ўносіць іншыя карэктывы ў гаспадарчае заканадаўства. Вось, напрыклад, што мяркуе на гэты конт аглядальнік газэты “Беларускі рынак” у пытаньнях гаспадарчага права Сяргей Балыкін:

(Балыкін: ) “Трэба адзначыць, што наша заканадаўства вельмі складанае і часта мяняецца. І прадпрымальнікам цяжка адсачыць гэтыя зьмены. Гэта зрабіць цяжка нават для прафэсійных юрыстаў. З гэтай прычыны такія вось канфліктныя выпадкі і адбываюцца”.
XS
SM
MD
LG