Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Норма ўтрыманьня радыёнуклідаў у мясе зробіцца больш жосткай, але астатнія нормы застануцца ранейшымі


Іна Студзінская, Менск Міністэрства аховы здароўя Беларусі распрацавала новыя нарматывы ўтрыманьня радыёнуклідаў у харчовых прадуктах. Нагадаю, што цяпер у краіне дзейнічаюць так званыя РДУ-99 – радыяцыйна дапушчальныя ўзроўні, зацьверджаныя Міністэрствам аховы здароўя ў 1999 годзе. Калі пачнуць дзейнічаць новыя РДУ і што ў іх зьмяніцца?

Пастанову падпісаў галоўны дзяржаўны санітарны доктар Міхаіл Рымжа, зацьверджаны нормы Міністэрствам аховы здароўя. Зараз дакумэнт ўзгадняецца з усімі зацікаўленымі інстанцыямі – Міністэрствам сельскай гаспадаркі, Дзяржкамчарнобылем, Міністэрствам гандлю. Мяркуецца, што ўступяць ў дзеяньне новыя РДУ прыкладна празь месяц. А што там новага, я запыталася ў галоўнага дзяржаўнага санітарнага доктара Міхаіла Рымжы.

(Рымжа: ) “Там мяняецца толькі адзін паказьнік – мы сёньня трымалі радыяцыйны ўзровень у мясе 500 бэкерэляў на кіляграм. А ў Расеі – 160. У нас былі больш высокія ўзроўні. Таму мы таксама пераходзім на 160 бэкерэляў. Робім больш жорсткія падыходы”.

Спадар Рымжа сьцьвярджае, што вынікі аналізаў, праведзеных спэцыялістамі санітарна-эпідэміялягічных службаў усіх рэгіёнаў краіны, сьведчаць пра тое, што з адной тысячы проб ялавічыны толькі ў дзьвюх быў перавышаны паказьнік 500 бэкерэляў. А вось што да нас маглі прывозіць, да прыкладу, з Расеі ці Украіны мяса, якое там было забракаванае, спадар Рымжа абвяргае:

(Рымжа: ) “Каб не складвалася ўражаньне, што (паколькі ў нас нарматыў 500), тут маглі скідваць 450 і гэтак далей. У Беларусі была пастанова галоўсандоктара: калі ў вас ў Расеі прынята 160 бекерэляў, то вы да нас прывозіце 160. Іншая справа, што мы свае 500 не маглі вывезьці ў Расею, яны не маглі ўзяць у нас з такім забруджаньнем”.

А як зь іншымі прадуктамі? Не сакрэт, што ў Расеі і да дароў лесу, грыбоў-ягад, і да малака – больш жорсткія дапушчальныя ўзроўні радыяцыі. РДУ па грыбах у Беларусі – 2000 бэкерэляў, але пераглядаць іх не зьбіраюцца. Спадар Рымжа патлумачыў гэта тым, што грыбы кожны дзень мы не ямо, і наагул, лепш іх не ўжываць. Дарэчы, 80% грыбоў, што прыносілі на праверку ў інстытут “Белрад”, былі забруджаныя, і вельмі моцна.

Што да малака, РДУ ў Беларусі – 100 бэкерэляў на літар, а ў Расеі – 50. Але гэтыя паказчыкі пакуль не зьмяніліся. Намесьнік дырэктара інстытуту радыяцыйнай бясьпекі “Белрад” прафэсар Аляксандр Дэвойна вельмі занепакоены менавіта забруджваньнем малака.

(Дэвойна: ) “Прыватны сэктар, калі глядзець па валу – гэта 50% прадуктаў харчаваньня ад ўсяго, што вырабляецца ў краіне. Гэта ж некіруемы працэс з пункту гледжаньня кантролю! Паводле дадзеных Дзяржкамчарнобылю, 10% малака ў прыватным сэктары перавышала рэспубліканскія дапушчальныя ўзроўні. Вельмі вялікае забруджаньне грыбоў, крыху менш – лясных ягад, моцна забруджаная рыба, дзічына. І гэта ўсё распаўзаецца па краіне”.

Ці ёсьць у людзей магчымасьць праверыць прадукты, ці дастаткова ў краіне цэнтраў радыяцыйнага кантролю? Для праверкі прадуктаў прыватнага сэктару на забруджаных тэрыторыях (а зараз гэта 21 працэнт тэрыторыі краіны) засталося 60 цэнтраў радыяцыйнага кантролю. Для параўнаньня: дзесяць гадоў таму іх было 370.

Дарэчы, у Менску таксама цэнтраў кантролю засталіся лічаныя адзінкі: на некаторых рынках, у Доме міласэрнасьці (дзе разьмешчаны інстытут “Белрад”), у раённых санэпідэмстанцыях. А было каля 80. Няма фінансаваньня, абсталяваньне ня таннае. Афіцыйныя асобы тлумачаць скарачэньне колькасьці цэнтраў у 6 разоў паляпшэньнем радыяцыйнай сытуацыі.

Вось толькі людзі здаравейшыя не становяцца. У чацьвер віцэ-прэм’ер Уладзімер Дражын заявіў, што толькі 27 % беларускіх дзетак здаровыя, у астатніх 73% “былі праблемы са здароўем”.
XS
SM
MD
LG