Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Афіцыйнай рэакцыі на галадоўку Валянціны Налівайкі няма, але яна пакуль не зьбіраецца яе спыняць


Алег Супрунюк, Берасьцейская вобласьць 31 студзеня – 14-ты дзень гадалоўкі Валянціны Налівайкі, жыхаркі вёскі Яглевічы Івацэвіцкага раёну. Яна дамагаецца рэакцыі мясцовых уладаў на свой канфлікт з супрацоўнікамі міліцыі. Як адчувае сябе Валянціна Налівайка і ці дачакалася яна нейкага адказу ад уладаў на свой запыт?

Учора ўвечары я тэлефанаваў у Яглевічы. Спадарыня Налівайка адказала, што адчувае слабасьць, пачынае дрэнна чуваць на правае вуха. Учора яна праверыла ціск, і вынікі таксама былі ня вельмі суцяшальныя.

Валянціну Налівайку падтрымліваюць родныя, сваякі, суседзі. А што да рэакцыі Івацэвіцкага райвыканкаму, пракуратуры, мэдычнага аб’яднаньня (гэтыя ўстановы спадарыня Налівайка папярэдзіла пра сваю галадоўку), дык яе пакуль няма. У выходныя жанчына атрымала толькі пісьмовы адказ на сваю заяву ў раённую ўправу ўнутранных справаў.

Менавіта перасьлед з боку міліцыянтаў Валянціна Налівайка называе галоўнай прычынай сваёй галадоўкі. Сама заява тычылася аднаго з выпадкаў, калі, як гаворыць спадарыня Налівайка, за ейнай машынай адбывалася сапраўднае паляваньне, у якім браў удзел аўтамабіль патрульна-паставой службы ДАІ.

Валянціна Налівайка паведаміла ў сваёй заяве пра нумар гэтага аўтамабіля і час, калі адбылося гэтае здарэньне. Таму адказ яе вельмі зьдзівіў: у ім гаворыцца, што гэтая машына знаходзілася ў іншым месцы, і спадарыня Налівайка штосьці пераблытала. Жанчына кажа, што міліцыянты ў чарговы раз спрабуюць увесьці яе ў зман і пераканаць, што перасьледу жыхаркі вёскi Яглевiчы зь іх боку няма.

Нягледзячы на тое, што цягам двух тыдняў ніякай афіцыйнай рэакцыі на галадоўку няма, спадарыня Налівайка пакуль не зьбіраецца яе спыняць. На настрой жанчыны можа паўплываць адказ зь Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі. Пакуль жа Валянціну Налівайку запісалі на прыём да кіраўніцтва гэтай установы ажно на 8 лютага.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG