Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жонка старшыні Віцебскай абласной арганізацыі АГП была зьбітая невядомым хуліганам


Браніслава Станкевіч, Віцебск Увечары 30 студзеня ў пад’езьдзе ўласнага дому па вул. Флёрава ў Воршы невядомы зьбіў жонку старшыні Віцебскай абласной арганізацыі АГП Генадзя Ананьнева спадарыню Людмілу.

Калі Людміла Ананьнева вярталася дахаты, было ўжо цёмна, і ёй не ўдалося разгледзець твар злачынцы, які пяць разоў ударыў яе па галаве. Выкліканыя міліцыянты са службовым сабакам здолелі прасачыць сьлед хулігана толькі да бліжэйшай транспартнай стаянкі.

Паводле гэтага факту заведзеная крымінальная справа. Прычым Генадзь Ананьнеў не выключае таго, што напад на жонку зьвязаны з ягонай палітычнай дзейнасьцю. Ён згадвае, што з часу падрыхтоўкі да выбараў 17 кастрычніка, калі ён балятаваўся ў дэпутаты Парлямэнту, у ягонай кватэры па начох пэрыядычна раздаваліся тэлефонныя званкі з пагрозамі. Аднак пагрозы былі толькі на ягоны адрас, хаця цяпер, мяркуе спадар Ананьнеў, інцыдэнт зь ягонай жонкай можа быць пачаткам яшчэ больш моцнага псыхалягічнага ціску на яго як палітыка.

Людміле Ананьневай была аказаная хуткая мэдычная дапамога, а больш поўнае абсьледаваньне будзе праведзенае сёньня.
XS
SM
MD
LG