Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Франкфурце-на-Одэры абмяркоўвалі далейшы лёс ЭГУ


Ул. інф. Будучыня ЭГУ абмяркоўвалася гэтымі выходнымі ў нямецкім Франкфурце-на-Одэры. Крыху раней у франкфурцкім унівэрсытэце Віядрына адкрылася выстава, прысьвечаная гадавіне з дня закрыцьця Эўрапейскага ўнівэрсытэта беларускімі ўладамі. Разам з былымі студэнтамі і выкладчыкамі гэтай установы, якія зараз навучаюцца і выкладаюць у Нямеччыне, у дыскусіях пра далейшы лёс ЭГУ ўзялі ўдзел нямецкія навукоўцы, экспэрты, палітыкі.

31 студзеня ў вышэйшых навучальных установах ФРН – Франкфурце на Одэры, Бэрліне, Саарбрукене – навучаюцца дзесяткі студэнтаў выпускнога курсу ЭГУ. Як вынікае з аналітычнага матэрыялу, выстаўленага ў электронным выданьні www.german-foreign-policy.de, Нямеччына мае намер працягваць гэты праект.

Сёлетнімі спонсарамі вучобы студэнтаў-ЭГУшнікаў зьяўляюцца нямецкае МЗС, а таксама некалькі палітычных фондаў: Конрада Адэнаўэра, Генрыха Бёля, Мюльгарда. Яшчэ адзін фонд – Робэрта Боша – падтрымлівае таксама запрошаных у Нямеччыну менскіх выкладчыкаў. Падкрэсьліваецца, што падобны від адукацыі ў выгнаньні ёсьць беспрэцэдэнтным і не прызнаным ні Беларусьсю, ні Нямеччынай.

Сёлета пасьля заканчэньня вучобы беларускія студэнты, хутчэй за ўсё, атрымаюць дыплёмы ЭГУ. Ня выключана, што ў будучым гэта будуць нямецкія пасьведчаньні аб вышэйшай адукацыі.

Як вынікае з матэрыялу сайта www.german-foreign-policy.de, Нямеччына мае надзвычайную зацікаўленасьць ва ўплыве на фармаваньне элітаў у Беларусі і ва Ўкраіне. Калі ўзяць Беларусь, то ўдзел ФРН у такім сэгмэнце як беларуская вышэйшая адукацыя пачаўся ў сярэдзіне 1990-х. У 1998 г. па ініцыятыве нямецкай амбасады пры ЭГУ быў створаны Інстытут нямецкіх дасьледаваньняў. У выніку пэўныя дысцыпліны і курсы ў ЭГУ пачалі праводзіцца нямецкімі выкладчыкамі і на нямецкай мове. Так, гамбурская прафэсура на працягу шасьці год выкладала для студэнтаў эўрапейскае гаспадарчае права, а ад пачатку 2004 ЭГУ ўстанавіў наўпростае супрацоўніцтва з франкфурцкім унівэрсытэтам Віядрына.
XS
SM
MD
LG