Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рамуальд Улан: “Кілерам” майго прысуду ёсьць раённая пракуратура”


Ігар Карней, Менск 31 студзеня ў калёнію для асобаў, якія ўчынілі злачынства па неасьцярожнасьці, мусіць быць этапаваны заснавальнік і выдавец незалежнай “Новай газэты Смаргоні” Рамуальд Улан. За наезд на ўласным аўтамабілі на раварыстку журналіст быў асуджаны да двух гадоў адбываньня пакараньня ў Горках на Магілёўшчыне. Сам Рамуальд Улан лічыць, што ў мясцовых уладаў папросту зьявіўся шанец пазбавіцца ад аднаго з актыўных апазыцыянэраў, паколькі жанчына, атрымаўшы пасьля аварыі грашовую кампэнсацыю, прэтэнзіяў да яго ня мела.

Прысуд заснавальніку “Новай газэты Смаргоні” яшчэ можа быць абскарджаны: адвакаты Рамуальда Улана яшчэ могуць дамагацца зьмякчэньня прысуду ці скарачэньня тэрміну зьняволеньня. Прынамсі, падобныя апэляцыі ўжо падрыхтаваныя. Але паколькі 27 студзеня было абвешчанае рашэньне другой інстанцыі, асуджаны ў любым разе мусіць быць дастаўлены ў вызначанае судом месца – у дадзеным выпадку, у горацкую калёнію для асобаў, якія зьдзейсьнілі злачынства па неасьцярожнасьці. Напярэдадні я размаўляў з Рамуальдам і ён кажа, што, хутчэй за ўсё, будзе этапаваны туды сёньня.

Дарэчы, яшчэ падчас разгляду справы ён патрапіў пад амністыю да 60-годзьдзя Перамогі, таму прысуджаныя два гады ўжо скарочаныя да году. Між тым, заснавальнік вельмі папулярнага ў рэгіёне выданьня лічыць, што сам факт падобнага выраку – цалкам на сумленьні мясцовых уладаў.

(Улан: ) “Адназначна зразумела, што такім чынам зьбіраюцца мяне пазбавіцца. Я страчу дэпутацкія паўнамоцтвы, праблема будзе з газэтай… Проста запатрабавалася мяне ізаляваць. А ў нас мясцовыя выбары на 13 лютага заплянаваныя, шмат незалежных дэпутатаў вылучаецца…”

Вядома, што аўтааварыя, у якой вінаватым прызнаны Улан, здарылася яшчэ ў сьнежні 2003 году. Чаму ж прысуд быў абвешчаны болей, чым праз год? Справа ў тым, што судовыя паседжаньні шмат разоў адтэрміноўваліся, прызначаліся дадатковыя сьледчыя экспэрымэнты. Дарэчы, пасьля першага суду ў Смаргоні Улану прысудзілі ажно 3 гады абмежаваньня волі – пры тым, што пацярпелая раварыстка ня мела да яго прэтэнзіяў, задаволіўшыся значнай матэрыяльнай кампэнсацыяй. Зьдзіўляла і тое, што практычна ніяк ня браўся на ўвагу і статус Улана, які ёсьць дэпутатам смаргонскага райсавету. Пра дэпутацкую недатыкальнасьць напярэдадні я ў яго і запытаўся.

(Улан: ) “Лукашэнка ў 1997 годзе, пасьля ўсіх рэфэрэндумаў, вызначыў, што падставай да крымінальнай справы супраць дэпутата павінна быць санкцыя пракурора. Таму санкцыю адносна мяне падпісаў сам пракурор. Значыць, ініцыятарам гэтага ўсяго – пракуратура, яны “кілеры” усяго гэтага прысуду. Суд схіліўся да пазыцыі пракуратуры: мусіць, Улан вінаваты. Мусіць…”

Такім чынам, заснавальнік “Новай газэты Смаргоні” ў нейкім сэнсе падзяліў лёс свайго выданьня – паведамлялася, што газэта фактычна забароненая ад мінулага лета…

Сапраўды, летась у жніўні “Новая газэта Смаргоні” рашэньнем Міністэрства інфармацыі была прыпыненая на тры месяцы. Але паколькі цягам году гэта было ўжо другое прыпыненьне, аўтаматычна паўстала неабходнасьць перарэгістрацыі выданьня. Але тут рэдакцыя патрапіла ў зачараванае кола.

Смаргонскі райвыканкам адмаўляе ва ўзгадненьні на разьмяшчэньне рэдакцыі, а безь юрыдычнага адрасу міністэрства інфармацыі перарэгістраваць газэту ня можа. Літаральна днямі сваім лістом Міністэрства нагадала, што пасьведчаньне на рэгістрацыю можа быць ануляванае. Цяпер супрацоўнікі рэдакцыі шукаюць альтэрнатыўныя шляхі інфармаваньня чытачоў. Пра гэта апавядае рэдактарка “Новай газэты Смаргоні” Аліна Суравец.

(Суравец: ) “Ад жніўня нашая газэта прыпыненая. Мы выходзім як “Местная газета”. Гэтае выданьне зарэгістраванае ў Смаргоні і мае смаргонскі юрыдычны адрас. Але выдае яе ў Ваўкавыску Шантаровіч. Справа ў тым, што ў Ваўкавыску яму не даюць узгадненьня на разьмяшчэньне юрыдычнага адрасу. Нам, у сваю чаргу, не даюць ўзгадненьня на разьмяшчэньне газэты ў Смаргоні – неабходна мець дакумэнт, што выканкам мясцовы ня супраць, каб газэта выдавалася ў Смаргоні…”

Як рэзюмуе Аліна Суравец, становішча “маразматычна-абсурдовае”. А з этапаваньнем заснавальніка “Новай газэты Смаргоні” Рамуальда Улана ў калёнію ў Горках сытуацыя яшчэ больш ускладняецца.
XS
SM
MD
LG