Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У структуры СНД могуць узьнікнуць новыя, немагчымыя раней працэсы


Уладзімер Глод, Менск 31 студзеня ў Маскве пачынаецца так званая шматбаковая сустрэча прадстаўнікоў міністэрстваў замежных справаў краінаў СНД. Яны хочуць правесьці першае калектыўнае абмеркаваньне магчымых парамэтраў рэфармаваньня Садружнасьці.

Пра неабходнасьць значных зьмяненьняў у дзейнасьці СНД гаварылася неаднаразова. Але падобна на тое, што толькі цяпер гэтая справа можа нарэшце зрушыцца зь месца. Чым можна патлумачыць тое, што за трансфармаваньне Садружнасьці незалежных дзяржаваў бяруцца толькі цяпер?

Паводле паведамленьняў інфармацыйных агенцыяў, галоўным пытаньнем на сёньняшняй сустрэчы ў Маскве стане фармаваньне стала дзейнай каардынацыйнай нарады кіраўнікоў сілавых структураў краінаў СНД: генэральных пракурораў, Радаў бясьпекі, памежных войскаў да іншых. Але экспэрты гавораць пра тое, што сёньня гаворка можа быць скіраваная на зусім іншае – куды больш значнае і важкае.

Пасьля перамогі памаранчавай рэвалюцыі ва Ўкраіне ўнутры СНД можа ўзьнікнуць дэмакратычны цэнтар з Грузіі і Ўкраіны. Пасьля парлямэнцкіх выбараў у Малдове, якія заплянаваныя сёлета на 6 сакавіка, да яго можа далучыцца яшчэ і гэтая краіна. Такім чынам, нельга выключаць, што ўнутры Садружнасьці ўзьнікне альтэрнатыўная Расеі плынь. І гэта, як сьцьвярджаюць удзельнікі круглага стала “СНД: новыя палітычныя рэаліі”, паседжаньне якога прайшло ў сярэдзіне студзеня ў Менску, даволі рэальны працэс.

Вось як бачыць яго беларускі навуковец, дацэнт Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнце Рэспублікі Беларусь Вадзім Ялфімаў:

(Ялфімаў: ) “Яшчэ раней рабіліся спробы разьвесьці краіны СНД па розных вуглах. Але з гэтага ня вельмі ўсё атрымалася. Таму сёньня робяцца новыя спробы – не празь дзейныя палітычныя эліты, а праз стварэньне новых, якія былі б прывязаныя да інтарэсаў Захаду”.

Якія пэрспэктывы могуць быць такой закасьцянелай структуры як СНД? Пачнем з таго, што ўнутры СНД быў калісьці створаны ГУАМ – фармаваньне, якое аб’яднала Грузію, Украіну, Азэрбайджан ды Малдову. Але яно так і не зрабіла нейкага істотнага ўплыву на становішча ў Садружнасьці.

З гэтым цяжка спрачацца. Але ў новых рэаліях нельга выключаць і новых, зусім іншых дзеяньняў, тым больш што ўсе экспэрты гаварылі пра тое, што рэфармаваньне СНД, безумоўна, неабходнае. На іхную думку, Садружнасьць фактычна так і не стала сапраўднай дзейнай палітычнай структурай.

Іншая справа, што многія палітыкі ня вераць у магчымасьць рэфармаваньня СНД без удзелу Расеі ў гэтым працэсе. І вось як пра гэта гаворыць Уладзімер Нісьцюк:

(Нісьцюк: ) “Не было там ніякіх вялікіх сумесных плянаў, праграмаў... Таму тое, што СНД трэба рэфармаваць – гэта зразумела. Але ёсьць адно пытаньне – свой уплыў на былыя рэспублікі Савецкага Саюзу губляе Расея. А галоўным суб’ектам, які мог бы сабраць і склеіць у нейкую новую ці старую структуру нешта на постсавецкай прасторы, усё ж заставалася й застаецца Расея. Мне бачыцца, што безь яе ўдзелу ніякія фармаваньні на тэрыторыі былога СССР ня будуць мець ніякай пэрспэктывы”.

Ці падзяляюць меркаваньне Ўладзімера Нісьцюка іншыя беларускія палітыкі? Адзін зь непасрэдных стваральнікаў СНД Станіслаў Шушкевіч лічыць, што экспэрты маюць поўнае права прагназаваць розныя магчымыя трансфармацыі Садружнасьці. Гэта іхная справа, і гэта патрэбна рабіць. Але спадар Шушкевіч таксама думае, што лякаматывам зьменаў у Садружнасьці на сёньняшні дзень можа быць выключна Расея:

(Шушкевіч: ) “Я думаю, што калі там ня будзе Расеі, ніхто нічога ня зьменіць. Гэта будзе пратэстны цэнтар, нішто іншае. А будзе ён ці не, я ня ведаю”.
XS
SM
MD
LG