Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Аляксандар Вялікі” Олівэра Стоўна выклікае супярэчлівыя водгукі


Ганна Соусь, Прага Апошні фільм Олівэра Стоўна “Аляксандар Вялікі” атрымаў ужо шмат нэгатыўных ацэнак крытыкаў у ЗША і Эўропе. Гэтая гістарычная эпапэя працягласьцю тры гадзіны, якая каштавала каля 150 мільёнаў даляраў, мела на мэце паказаць жыцьцё Аляксандра Македонскага, які менш чым за дзесяць гадоў заваяваў большую частку старажытнага сьвету. Некаторыя кажуць пра гістарычныя недакладнасьці ў стужцы. Фільм выклікаў супярэчлівыя водгукі і з той прычыны, што ў ім была паказана бісэксуальнасьць Аляксандра.

Яшчэ да таго, як “Аляксандар Вялікі” выйшаў на экраны, вэрсія Олівэра Стоўна ўжо выклікала супярэчныя водгукі. У той час, як група грэцкіх адвакатаў вырашыла зьвярнуцца ў суд у сувязі з тым, што Аляксандра паказалі бісэксуалам, удзельнікі кампаніі за правы геяў скрытыкавалі Стоўна за тое, што той не зрабіў Аляксандра адкрытым гомасэксуалам.

Прыхільнікі Заратустры ў ЗША, Францыі і Індыі былі незадаволеныя зь іншай прычыны: яны заўважылі, што ў рэкляме фільма на заднім пляне выкарыстоўваюцца іхнія сымбалі. Прыхільнікі Заратустры называюць Аляксандра Вялікага “праклятым”, бо падчас заваяваньня Пэрсідзкай імпэрыі ён спаліў іх сьвятыя тэксты і сьвятыя казаньні. Гаворыць Кавэх Фарух, экспэрт па гісторыі і лінгвістыцы Пэрсіі ў даісламскую эру:

(Фарух: ) “Адна з прычын таго, што мы ня ведаем шмат аспэктаў вучэньня Заратустры – тое, што была няправільна ўскладзена адказнасьць за гэта на арабскае ўварваньне ў 7 стагодзьдзі. У рэальнасьці ж мы павінны вярнуцца назад і прааналізаваць уварваньне Аляксандра, якое было надзвычай разбуральным, і многія са сьвятароў, прыхільнікаў Заратустры, былі забітыя”.

Пасьля таго як фільм выйшаў на экраны кінатэатраў, некаторыя гісторыкі выказалі зьдзіўленьне і шкадаваньне з той прычыны, што некаторыя ключавыя падзеі тых часоў – напрыклад, падпал Аляксандрам гораду Пэрсэполіс – ня трапілі ў фільм.

Прафэсар Робін Лэйн Фокс, адзін зь вядучых дасьледчыкаў грэцкай гісторыі і аўтар кнігі пра Аляксандра Вялікага, які кансультаваў Стоўна падчас здымак, лічыць, што калі б у стужку былі ўключаныя ўсе гістарычныя факты, то фільм атрымаўся бы задоўгім.

Кавэх Фарух кажа, што ў фільме недакладна паказаны пэрсы і грэкі. Так, напрыклад, падчас Гаўгамэльскай бітвы, калі Аляксандар Вялікі са сваім войскам перамог пэрсаў, грэкаў паказалі вельмі арганізаванымі і дысцыплінаванымі ў адрозьненьне ад пэрсаў, якія выглядаюць зусім дэзарганізаванымі. Да таго ж, пэрсаў паказалі ў цюрбанах, чаго яны не насілі ў тыя часы.

Паводле Фаруха, недакладна паказаныя ў фільме і пэрсідзкія жанчыны. Так, напрыклад, Аляксандар бярэцца шлюбам зь іранскай жанчынай Раксанай, якую іграе цёмнаскурая актрыса Разарыя Доўсан. Паводле Фаруха, гэта тое самае, калі б амэрыканская акторка азіяцкага паходжаньня Люсі Лью выконвала ролю каралевы Вікторыі ў Вялікай Брытаніі.

“Аляксандар Вялікі” выйшаў у пракат пры канцы мінулага году ў ЗША і прынёс толькі 34 мільёны даляраў прыбытку. А ягоны пракат за мяжой пакуль прынёс каля 90 мільёнаў даляраў.

Але зусім мала шанцаў, што гэты фільм будзе дэманстравацца ў Іране, бо ў гэтай краіне забароненыя для паказу большасьць заходніх фільмаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG