Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці можа быць прычынай перасьледу Міхаіла Крывамаза ягоная палітычная дзейнасьць?


Алег Грузьдзіловіч, Менск Міліцыянты падазраюць Міхаіла Крывамаза ў крадзяжы праз злоўжываньні службовым становішчам, але не ўдакладняюць сутнасьць гэтых прэтэнзіяў. Між тым, знаёмыя затрыманага кажуць, што Крывамаз мог стаць ахвярай памылкі сьледчага.

Былы дырэктар Менскага завода імя Кастрычніцкай рэвалюцыі Міхаіл Крывамаз быў затрыманы 28 студзеня, і спачатку міліцыянты не ўдакладнялі сутнасьць прэтэнзіяў да яго. Падрабязнасьцяў не паведамляюць і цяпер, хаця ужо заяўлена, што Міхаіла Крывамаза падазраюць у крадзяжы праз злоўжываньне службовым становішчам. Памеры крадзяжу не паведамляюць.

Крымінальная справа, якая узбуджаная ў дачыненьні да былога дырэктара, зь міліцыі Савецкага раёну Менска перададзеная ў гарадзкую пракуратуру. Міхаіла Крывамаза ўтрымліваюць ў менскім сьледчым ізалятары.

Тым часам зьявілася вэрсія, паводле якой сьледчыя памылкова вырашылі, што Крывамаз прадаў станок таньней за сапраўдны кошт. Вось што сказаў для “Радыё Свабода” былы дэпутат Вярхоўнага Савета, былы старшыня Грамадзянскай партыі Васіль Шлындзікаў, які асабіста ведае Міхаіла Крывамаза:

(Шлындзікаў: ) “Быццам там увогуле абсурд. Станок купілі за 4 мільярды рублёў з нечым, а потым ён прадаў станок за 5 мільёнаў. Але пра дэнамінацыю сьледчыя запамятавалі. Насамрэч, ён прадаў даражэй, а яму інкрымінуюць страты ў 130 тысяч даляраў”.

Васіль Шлындзікаў лічыць, што ў гэтым разе сьледчыя мусяць выправіць сваю памылку і ўжо 31 студзеня выпусьціць Міхаіла Крывамаза на волю. Аднак ён не выключае і магчымасьць іншага разьвіцьця падзеяў.

(Шлындзікаў: ) “Але калі гэта замова, то канешне ня выпусьцяць. Будуць шукаць іншае, іншы станок”.

Ці можа быць прычынай перасьледу Міхаіла Крывамаза ягоная палітычная дзейнасьць? Васіль Шлындзікаў пацьвердзіў, што Міхаіл Крывамаз быў адным з заснавальнікаў Грамадзянскай партыі, якая ўтварылася напачатку 1990-х гадоў, ён браў удзел у распрацоўцы партыйнай праграмы, вядомай сваім лібэралізмам. Аднак актыўнай палітычнай дзейнасьцю Крывамаз не займаўся, сьцьвярджае Васіль Шлындзікаў. Ён, аднак, не выключае, што пачалася “зачыстка” ўсіх гаспадарнікаў, якія былі зьвязаныя зь “Дзелавой ініцыятывай” Міхаіла Марыніча, асуджанага нядаўна на 5 гадоў зьняволеньня. Некалькі гадоў таму Міхаіл Крывамаз таксама быў сябрам “Дзелавой ініцыятывы” Міхаіла Марыніча.

Міхаілу Крывамазу 55 гадоў, у яго дарослыя дачка і сын. У дырэкцыі завода імя Кастрычніцкай рэвалюцыі, дзе Міхаіл Крывамаз адпрацаваў дырэктарам 10 гадоў, адмовіліся камэнтаваць зьвесткі пра ягонае затрыманьне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG