Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валянціна Налівайка зь Івацэвіцкага раёну трымае галадоўку 12-ты дзень


Алег Супрунюк, Берасьцейская вобласьць Нягледзячы на пагаршэньне стану здароўя, жыхарка вёскі Яглевічы па-ранейшаму адмаўляецца ад ежы і чакае рэакцыі ўладаў на свой зварот, якія тычыцца ейнага канфлікту з супрацоўнікамі мясцовай міліцыі.

Пра тое, як адчувае сябе Валянціна Налівайка на дванаццаты дзень галадоўкі, яна распавяла Радыё Свабода наступнае:

(Налівайка: ) “У мяне ўжо цалкам адчуваецца слабасьць, галавакаружэньне. Я ня ведаю, што буду рабіць далей, і чакаю рашэньня ўладаў, якія ўрэшце дапамогуць мне, зацікавяцца маім пытаньнем і вырашаць мае праблемы. Я буду галадаць да тае пары, пакуль штосьці патлумачаць у маім пытаньні”.

Галоўнай прычынай сваёй галадоўкі Валянціна Налівайка называе перасьлед з боку івацэвіцкіх міліцыянтаў. Паводле ейных словаў, усё пачалося амаль два гады таму, калі супрацоўнікі раённага аддзяленьня унутраных справаў адмовіліся распачынаць справу паводле крадзяжу грошай у хаце, дзе ў той час жыла сям’я Налівайкі. Спадарыня Валянціна кажа, што першую заяву паводле гэтага здарэньня міліцыянты быццам бы згубілі, і таму прапанавалі асабіста кампэнсаваць ейныя страты падчас крадзяжу. Узяць грошы ад міліцыянтаў жанчына адмовілася, палічыўшы гэта хабарам.

Пасьля гэтага супрацоўнікі праваахоўных органаў рэгулярна пачалі наведваць кватэру сям’і Налівайкі з рознымі праверкамі, а іхнюю машыну інспэктары ДАІ сыстэматычна спыняюць на дарогах безь якіх-небудзь падставаў. Як гаворыць Валянціна Налівайка, летась у лістападзе за ейным аўтамабілем пачалося сапраўднае паляваньне з боку невядомых асобаў. Зараз жыхарка вёскі Яглевічы ўжо ведае, што ўсе яны ёсьць супрацоўнікамі міліцыі і выступалі сьведкамі ў судзе, які адбыўся паводле заявы спадарыні Налівайкі.

Жанчына спрабавала абскардзіць пастанову раённага ДАІ, на падставе якой яе пазбавілі правоў на кіраваньне аўтамабілем. У пастанове гаворыцца, што Валянціна Налівайка кіравала машынай у нецьвярозым стане, але сама яна кажа, што ніякай экспэртызы на конт ужываньня алькаголю не праходзіла.

Адмова суду задаволіць скаргу зьявілася, паводле словаў спадарыні Налівайкі, апошняй нагодай распачаць галадоўку, якая цягнецца з 18 студзеня. Пра гэты ўчынак 39-гадовай жанчыны ведаюць ужо ня толькі аднавяскоўцы, але і жыхары Івацэвічаў. Некаторыя зь іх не хаваюць свайго абурэньня. Вось што паведаміў Станіслаў Халадовіч (дарэчы, былы супрацоўнік міліцыі):

(Халадовіч: ) “Была абвешчана ёю галадоўка. Папярэджана мясцовае начальства, рэдактар дзяржаўнай газэты ведае, абласное кіраўніцтва і Міністэрства ўнутраных справаў таксама. Але чамусьці ў Міністэрстве яе запісалі на прыём ажно на 8 лютага. Атрымліваецца, 25-ты дзень галадоўкі будзе ў яе”.

Афіцыйнай рэакцыі на галадоўку жыхаркі вёскі Яглевічы з боку івацэвіцкіх уладаў, пракуратуры і раённага мэдычнага аб’яднаньня, якіх Валянціна Налівайка папярэдзіла пра свой учынак, няма дагэтуль.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG