Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэдактару барысаўскай газэты пагражае зьняволеньне


Міхал Стэльмак, Менская вобласьць Галоўнаму рэдактару недзяржаўнай газэты “Барысаўскія навіны” Анатолю Букасу прад’яўлена абвінавачаньне ў паклёпе на рэдактара барысаўскай дзяржаўнай газэты. У выпадку прызнаньня яго вінаватым яму пагражае турэмнае зьняволеньне альбо абмежаваньне свабоды.

Паводле Анатоля Букаса, абвінавачаньне яму прад’явіла барысаўская міліцыя. Сьледчы аддзелу папярэдняга расьсьледаваньня Сяргей Казлоў прыйшоў да высновы, што рэдактар недзяржаўнага выданьня ўзьвёў паклёп і абразіў рэдактара газэты Барысаўскага гарвыканкаму “Адзінства” Веру Пратасевіч. Сьледчы палічыў, у прыватнасьці, паклёпніцкімі і абразьлівымі некаторыя выказваньні рэдактара “Барысаўскіх навінаў” на адрас спадарыні Пратасевіч, што ўтрымліваліся ў адным зь леташніх артыкулаў гэтай газэты. Аўтар артыкулу перакананы, што справа супраць яго была ініцыявана барысаўскім гарвыканкамам.

Справа Анатоля Букаса атрымала шырокі розгалас у Барысаве. Рэдактар “Барысаўскіх навінаў” — асоба вядомая ў гэтым горадзе і як адзін з актывістаў мясцовага дэмакратычнага руху. На думку вядомага барысаўскага праваабаронцы Алеся Абрамовіча, абвінавачаньне спадара Букаса мае палітычны падтэкст:

(Абрамовіч: ) “Гэта поўная перадузятасьць. З гэтага вынікае, што ўладамі рыхтуецца выключна палітычны працэс. Я праглядзеў усе пункты абвінавачаньня — налічылі 16 пунктаў. Ніводзін з пунктаў абвінавачаньня, на мой погляд і на погляд іншых праваабаронцаў, ня цягне ня толькі што на паклёп, але і на абразу. Мэта гэтага працэсу — запалохаць незалежную прэсу і, па магчымасьці, зачыніць буйную рэгіянальную газэту, якая перашкаджае ўладам”.

Неабгрунтаваным лічыць прад’яўленае абвінавачаньне і кіраўніцтва Беларускай асацыяцыі журналістаў. Гаворыць намесьнік старшыні гэтай арганізацыі Андрэй Бастунец:

(Бастунец: ) “Я б зьвярнуў увагу на тое, што была такая “пікіроўка” двух рэдактараў. Артыкул, за які Букас цяпер прыцягваецца да адказнасьці, зьявіўся ў адказ на публікацыі, якія зьявіліся раней у дзяржаўнай прэсе. Але праваахоўныя органы падышлі неяк выбіральна да разгляду гэтай справы. Яны адмовіліся разглядаць артыкулы, якія былі надрукаваныя ў газэце “Адзінства” і адразу ўзяліся за самога Анатоля Букаса. І, самае галоўнае, што быў абраны шлях прыцягненьня яго да крымінальнай адказнасьці, што, на мой погляд, не павінна было мець месца”.

Калі Анатоля Букаса прызнаюць вінаватым, яму пагражае абмежаваньне волі тэрмінам да 3 гадоў альбо пазбаўленьне волі да 2 гадоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG