Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ніводнага збанкрутаванага калгасу не ўзяліся летась апекаваць гомельскія фэрмэры


Казімер Яноўскі, Гомельская вобласьць 69 фэрмэрскіх гаспадарак наагул зьліквідаваны. Пра гэта сёньня, сярод іншага, гаварылася на гадавым справаздачным сходзе рэгіянальнай асацыяцыі беларускіх фэрмэраў.

У рэгіёне ўсяго толькі чацьвёра фэрмэраў узялі пад сваё крыло збанкрутаваныя калгасы. Гэта было зроблена ў папярэднія гады, а летась, нягледзячы на адмысловы ўказ кіраўніка дзяржавы, ніхто не адважыўся гэтага зрабіць. Між тым, аблаграпрам прапаноўваў апекавацца больш як 60 “ляжачымі гаспадаркамі”. Вось што казаў з гэтай нагоды на сходзе фэрмэр Фёдар Ражкоў са Жлобінскага раёну — адзін з чатырох фэрмэраў, які наважыўся ў 2003 годзе ўзяць збанкрутаваны калгас:

(Ражкоў: ) “Узьнімаецца пытаньне, чаму ў мінулым годзе ніхто ня ўзяў калгасу? Гэта цяжкая размова. А куды падзець калгасныя даўгі? Я ўзяў калгас даўгамі на з 600 мільёнаў. Палову зь іх мне адтэрмінавалі. Але ж яны ўсё адно засталіся, як і другая палова даўгоў. Мы аднавілі дабітую тэхніку. Летась павялічылі ўдвая валавы збор збожжа. Але ж мы ня можам разьвівацца. Мы сядзім на картатэцы. Працуем, як звычайны калгас. Каб узяць збанкрутаваную гаспадарку, патрэбныя мільярдныя ўкладаньні. Трэба, каб і дзяржава дапамагала і падтрымлівала”.

Многія фэрмэры адзначалі, што па-ранейшаму ня могуць без праблемаў узяць крэдыту ў банку. Няма абяцанага лізынгу на набыцьцё тэхнікі.

У рэгіёне пустуе больш як 200 колішніх калгасных фэрмаў ды іншых гаспадарчых пабудоваў. Яны разбураюцца. Аднак выканкамы не жадаюць перадаць іх за мінімальны кошт прыватным гаспадарнікам.

Асаблівую заклапочанасьць у фэрмэраў выклікае адсутнасьць у беларускім заканадаўстве права ўласнасьці на зямлю. Больш за тое, у праекце новага Зямельнага кодэксу, падрыхтаванага парлямэнтам, скасавана нават норма пажыцьцёвага спадчыннага валоданьня зямлёю.

Гаворыць фэрмэр Аляксандар Парошын з Буда-Кашалёскага раёну:

(Парошын: ) “Ну яшчэ пяць гадоў пройдзе, і я пайду на пэнсію. Куды мне ўсю сваю гаспадарку падзець? Дочкі ў мяне спэецыялістамі сельскай гаспадаркі не зьяўляюцца. Нашчадкаў, такім чынам, няма. Прадаць гаспадарку па нашых законах я не магу. Прыйдзецца ўсё закрываць”.

Паводле яго, нават зьліквідаваць гаспадарку вялікая праблема. Рэшткі асноўных фондаў, паводле цяперашняга заканадаўства, трэба аформіць як даход і аддаць з гэтага, так бы мовіць, даходу 70% розных падаткаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG