Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заснавальніка “Новай газэты Смаргоні” этапуюць у горацкую калёнію


Ігар Карней, Менск Заснавальнік і выдавец “Новай газэты Смаргоні” Рамуальд Улан найбліжэйшы год будзе адбываць у калёніі агульнага рэжыму для асобаў, якія зьдзейсьнілі злачынствы па неасьцярожнасьці: Гарадзенскі абласны суд палічыў даказанай ягоную вінаватасьць у дарожна-транспартным здарэньні. Сам журналіст, які не адмаўляе сваёй датычнасьці да аварыі, перакананы: для мясцовых уладаў гэта найлепшая магчымасьць пазбавіцца ад апазыцыйных настрояў у раёне.

У сьнежні 2003 году недалёка ад Смаргоні Рамуальд Улан на ўласным аўтамабілі па неасьцярожнасьці учыніў наезд на раварыстку, у выніку чаго жыхарка раёну атрымала траўму галавы.

Сам Улан кажа, што жанчына ня мела да яго ніякіх прэтэнзіяў, задаволіўшыся грашовай кампэнсацыяй.

(Улан: ) “У пратаколе судовага паседжаньня запісана: ня мела прэтэнзіяў і прасіла не караць Улана… На жаль, выпадак з шэрагу нестандартных”.

Смаргонскі раённы суд прысудзіў Рамуальду Ўлану 3 гады пазбаўленьня волі, 5 гадоў забароны на права кіраваньня аўтамабілем і 6 мільёнаў рублёў кампэнсацыі.

Улан, у сваю чаргу, падаў апэляцыю ў Гарадзенскі абласны суд, які накіраваў справу на перагляд. Пасьля доўгіх адтэрміновак леташняй восеньню судовы працэс зноў аднавіўся: тэрмін зьняволеньня быў скасаваны на год, кампэнсацыя пацярпелай на той час была ўжо выплачаная.

У Горадню пайшла яшчэ адна апэляцыя, і 27 студзеня адбылося чарговае паседжаньне: суд пакінуў рашэньне ў сіле.

Ад учорашняга дня Ўлан фактычна асуджаны — адзінае, што адначасна ён патрапіў пад амністыю ў зьвязку з 60-годзьдзем вызваленьня Беларусі. На пачатку наступнага тыдня Рамуальд Улан будзе этапаваны ў Горкі — у калёнію агульнага рэжыму для асобаў, якія зьдзейсьнілі злачынства па неасьцярожнасьці. Між тым, сам журналіст заяўляе, што будзе працягваць дамагацца апраўданьня.

(Улан: ) “Будзем спрабаваць абскарджваць. Калі мяне пасадзяць, уладам будзе цяжка даваць “задні ход”; патрэбна кампэнсаваць страты, яны ў тупік самі сябе загоняць. Таму мне хочацца, каб хутчэй, пакуль яшчэ не пасадзілі, усё абскардзіць. Бо як ужо пасадзяць, то тады ўжо нязручна будзе апраўдваць”.

Рашэньнем Міністэрства інфармацыі летась у жніўні прыпынены выхад “Новай газэты Смаргоні”, якую заснаваў Рамуальд Улан. З этапаваньнем Улана ў калёнію далейшы лёс выданьня выглядае вельмі няпэўна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG