Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На давыбарах у Магілёўскі аблсавет балятуюцца два дэмакратычныя кандыдаты


Марыя Ўсьціновіч, Магілёўская вобласьць На Магілёўшчыне 20 сакавіка адбудуцца давыбары ў абласны савет. Прадстаўнікі дэмакратычных палітычных партыяў прэтэндуюць на мандаты дэпутатаў, і на гэты час зарэгістраваныя дзьве ініцыятыўныя групы збору подпісаў.

Давыбары ў Магілёўскі абласны савет будуць праходзіць у чатырох акругах у Магілёве, Бабруйску, Горках і Крычаўскім раёне. Дэпутаты, якія былі абраныя два гады таму, пайшлі ў парлямэнт, і іх месцы ў абласным савеце вакантныя.

У Магілёўскай Мірнай выбарчай акрузе зарэгістраваў ініцыятыўную групу кіраўнік абласной арганізацыі АГП Уладзімер Шанцаў. У Бабруйскай Індустрыяльнай акрузе — лідэр гарадзкой арганізацыі БСДГ Таісія Кабанчук. Цяпер і да 7 лютага ідзе збор подпісаў за іх вылучэньне.

Дэмакраты гавораць, што яны вырашылі браць удзел у давыбарах дзеля легальнай магчымасьці сустрэчаў зь людзьмі. Вось што сказала пра свае мэты Таісія Кабанчук:

(Кабанчук: ) “Каб трохі распавесьці выбаршчыкам пра становішча ў краіне, пра вынікі папярэдняга рэфэрэндуму, пра ідэі сацыял-дэмакратыі. Кантакты зь людзьмі — гэта самае асноўнае”.

Уладзімер Шанцаў, з улікам досьведу папярэдняй выбарчай кампаніі, не зьдзіўляецца перашкодам. Ён распавёў, што зборшчыкамі подпісаў за яго вылучэньне, якія працуюць у акрузе, ужо цікавяцца міліцыянты. А акруговая камісія адмовілася паведаміць патэнцыйнаму кандыдату інфармацыю пра вынікі рэгістрацыі ініцыятыўных групаў. Аднак Уладзімер Шанцаў не адмовіцца ад удзелу ў кампаніі давыбараў.

(Шанцаў: ) “Наша партыя зьбіраецца браць удзел у працэдуры вылучэньня адзінага кандыдата на прэзыдэнцкія выбары. Трэба, каб прадстаўнікі нашай партыі сустракаліся з насельніцтвам на гэтым этапе. А пасьпяховасьць… Будзем змагацца!”

У Крычаўскай выбарчай акрузе рыхтуецца вылучэньне кандыдатаў у абласны савет ад АГП і “Народнай грамады”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG