Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўракамісія ўхваліла дзевяць новых праграмаў памежнага супрацоўніцтва


Ул. інф. Сёньня ў рамках паседжаньня структурнага рэгіянальнага фонду Эўразьвязу іх прэзэнтавала камісар Данута Хюбнэр. Адзін з праектаў прысьвечаны ўмацаваньню добрасуседзкага супрацоўніцтва паміж Польшчай, Беларусьсю і Ўкраінай.

Паводле камісара Эўразьвязу па пытаньнях рэгіянальнай палітыкі Дануты Хюбнэр, новыя праграмы ахопліваюць тэрыторыю з насельніцтвам 57 мільёнаў чалавек, зьяўляюцца часткай эўрапейскай рэгіянальнай палітыкі і скіраваныя на ўмацаваньне эканамічнага, сацыяльнага і тэрытарыяльнага супрацоўніцтва ў памежных раёнах і ўздоўж мяжы. Падкрэсьліваецца, што перад памежнымі рэгіёнамі як краінаў-сябраў Эўразьвязу, так і ягоных новых суседзяў, стаіць складаная задача паляпшэньня сацыяльна-эканамічных умоваў жыцьця сваіх грамадзянаў. Адзін зь дзевяці праектаў тычыцца супрацоўніцтва ў памежжы Польшчы, Беларусі і Ўкраіны.

Як лічыць нямецкі экспэрт у пытаньнях Усходняй Эўропы Гайнц Тымэрман, размова не ідзе пра нейкую новую стратэгію Эўразьвязу ў дачыненьні да афіцыйнага Менску.

(Тымэрман: ) “Не. Пра гэта справа не ідзе. Брусэль і раней вёў зь Менскам перамовы адносна памежнага супрацоўніцтва, бо гэта вельмі важныя ва ўмовах Эўропы рэчы. Эўразьвяз мусіць вырашыць такія пытаньні як мяжа, памежныя інфраструктуры, камунікацыі, экалёгія — і вырашаць гэта ў кантакце з уладнымі структурамі сваіх суседзяў. Размова ідзе пра падтрымку малога і сярэдняга бізнэсу, пра аграрны сэктар, камунальныя структуры і гэтак далей. Галоўная задача новай праграмы Эўразьвязу — спрыяць разьвіцьцю памежжа, у якім на цяперашні момант існуе шмат дэстабілізацыйных фактараў. Калі ж на ўзроўні беларуска-эўрапейскіх дачыненьняў будзе ўскладненае і памежнае супрацоўніцтва, то стасункі зь Менскам ускладняцца канчаткова”.

Паводле нямецкага экспэрта, эўрапейская праграма, скіраваная на суседзкае супрацоўніцтва з Украінай, больш шырокая. Яна ўключае шэраг аспэктаў, накіраваных на стабілізацыю дачыненьняў, у рамках яе заплянаваныя шматлікія канкрэтныя акцыі.

Раней калега Дануты Хюбнэр, камісар па пытаньнях палітыкі новага суседзтва Эўразьвязу Бэніта Фэрэра-Вальднэр заявіла, што такія краіны як Украіна і Беларусь, нягледзячы на адрозную спэцыфіку палітычнага разьвіцьця, знаходзяцца ў цэнтры ўвагі эўрапейцаў і патрабуюць не агульных, а індывідуальных падыходаў з боку Брусэлю. Размова ідзе як пра выпрацоўку партнэрскіх праграмаў, так і плянаў акцыяў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG