Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Скарга Міхаіла Марыніча на прысуд будзе разгледжана не раней як праз тры тыдні


Алег Грузьдзіловіч, Менск Міхаіл Мырыніч даслаў у Менскі раённы суд заўвагі да пратаколу судовага паседжаньня. Сваякі і адвакаты былога міністра кажуць, што працэс абскарджваньня прысуду замарудзіўся па віне суду.

Накіраваўшы свае заўвагі да пратаколу суду, Міхаіл Марыніч завяршыў абскарджваньне прысуду, які 30 сьнежня вынес яму Менскі раённы суд. Дапамагала яму ў гэтым адвакат Валянціна Шыханцова. На пытаньне, ці былі гэтыя заўвагі істотнымі, адвакат адказала гэтак:

(Шаханцова: ) “Пазыцыя абароны складаецца з таго, што трэба зьвяртаць ўвагу на ўсе памылкі, і гэта было зроблена. Але, прызнаюся, мы не знайшлі вялікіх памылак. Казаць пра фальшаваньне таго, што адбывалася на працэсе, нельга”.

Паводле зьвестак Валянціны Шаханцовай, разгляд скаргі Міхаіла Марыніча на прысуд Менскага раённага суду адбудзецца не раней як праз тры тыдні. Такім чынам, перагляду рашэньня суду Міхаілу Марынічу давядзецца чакаць амаль два месяцы. Адвакаты і сваякі Марыніча лічаць, што судзьдзі замарудзілі гэты працэс. Гаворыць старэйшы сын Міхаіла Марыніча Ігар:

(Марыніч: ) “Яны быццам спужаліся, што зрабілі, і цяпер думаюць, як гэта выправіць. Але, па шчырасьці, у мяне мала на гэта надзеі”.

Былы міністар і амбасадар Міхаіл Марыніч цяпер знаходзіцца ў сьледчым ізалятары Міністэрства ўнутраных справаў на вуліцы Валадарскага. Сваякі, якія нядаўна зь ім сустракаліся, адзначаюць, што Міхаіл Марыніч адчувае сябе добра і дэманструе настрой на барацьбу за адмену прысуду і вызваленьне.

Былы міністар і амбасадар Міхаіл Марыніч пасьля васьмімесячнага ўтрыманьня ў сьледчым ізалятары КГБ быў асуджаны на пяць гадоў зьняволеньня. Менскі раённы суд прызнаў яго вінаватым у крадзяжы маёмасьці няўрадавай арганізацыі, якую ён узначальваў. Марыніч вінаватым сябе не прызнаў. Шмат хто ў Беларусі і ў сьвеце лічыць, што Міхаіла Марыніча перасьледуюць як патэнцыйнага кандыдата на прэзыдэнты на выбарах 2006 году.
XS
SM
MD
LG