Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Акно ў міталягічных уяўленьнях і будаўнічых традыцыях беларусаў


Вячаслаў Ракіцкі, Менск Новая перадача сэрыі “Беларуская Атлянтыда”. Удзельнічае археоляг Ніна Здановіч.

(Вячаслаў Ракіцкі: ) “Калі мы паспрабуем згадаць, якую асацыяцыю выклікае у нас слова “акно”, першае, што напрошваецца, гэта “глядзець”. Праз балотнае акно балотнік ці багнік глядзіць, хто ходзіць па ягоных уладаньнях, праз абраз Бог, сьвятыя глядзяць на зямлю, на нас з вамі. Таму ня дзіўна, што беларусы ў 18 стагодзьдзі вяртаюцца да “зваротнай пэрспэктывы” ў напісаньні абразоў. Але гэта не адзіная асацыяцыя, якую можа выклікаць слова “акно”.

(Ніна Здановіч: ) “У мяне, напрыклад, слова “акно” асацыюецца са словам “вока” — яно як жывая істота: не празь яго глядзяць, а яно глядзіць — глядзіць у сьвет”.

(Ракіцкі: ) “Вы маеце на ўвазе міталягічны сэнс акна як вока дома, хаты, чалавечага жытла?”

(Здановіч: ) “Так, маюць рацыю ангельцы, калі кажуць: “Мой дом — мая крэпасьць”, цалкам закрытая і абароненая ад зьнешняга сьвету. А сувязь жытла з вонкавым сьветам якраз зьдзяйсьняецца праз тое самае акно”.

(Ракіцкі: ) “Але мне тут бачыцца адначасна ідэя выхаду-ўваходу, а значыць, пранікальнасьці праз тое самае акно”.

(Здановіч: ) “Гэта цудоўна разумелі нашыя продкі. Таму раней дамы рабіліся на падклецях, каб як найвышэй ад зямлі разьмяшчаць акно, ды і першапачатковыя вокны ўяўлялі сабою шчыліну шырынёю ў дошку, якая засоўвалася дошкай-засаўкай. Нават у мураваных замках 14 — пачатку 16 стагодзьдзяў вокны ўяўлялі сабою байніцы — фактычна тыя ж шчыліны, толькі вэртыкальныя. І толькі ў эпоху Адраджэньня чалавек нарэшце адважыўся сьмела глянуць на сьвет — праз канструкцыю, якую насамрэч можна назваць акном”.

(Ракіцкі: ) “Менавіта такую форму, памер рэнэсансавага акна мы можам і цяпер пабачыць у вежы замку ў Любчы?”

(Здановіч: ) “Так, але адначасна згадайце, на якой недасягальнай вышыні знаходзяцца гэтыя сапраўдныя вокны”.

(Ракіцкі: ) “Адразу даеш веры казцы пра добрага малойцу, які ледзь дапяў даскочыць на кані да акна, ля якога сядзела царская дачка, ды і тое ў трэці раз. Разьмяшчэньне акна як найвышэй, значыць, і бліжэй да сонца?”

(Здановіч: ) “Сувязь з космасам, і найперш з сонцам добра разумелі беларусы. І сонца, і акно — крыніца сьвету ў хаце. Пра разуменьне гэтай сувязі сьведчаць знакі сонца на ліштвах над акном у драўляных пабудовах. А ўвогуле этнографы падкрэсьлівалі пераважную паўдзённую арыентацыю і саміх нашых хатаў, калі дазваляла разьмяшчэньне паселішча. Міталягічны сэнс фармуе традыцыю”.

(Ракіцкі: ) “А ці была нейкая заканамернасьць у тым, колькі і зь якога боку сьвету рабіць вокны?”

(Здановіч: ) “У гэтым прасочваецца як сымбалічнае, гэтак і прагматычнае значэньне, якое надавалася акну. У сялянскай хаце: раней дазвалялася рабіць тры акны — у імя Сьвятой Тройцы. Калі болей, дык толькі ў выключных выпадках, з дазволу вясковых уладаў. У шляхецкай сядзібе колькасьць вокнаў, а таксама іх канструкцыя ўжо залежыць ад прызначэньня памяшканьня. Вось якую канструкцыю меў дом на замкавай вуліцы ў Вільні ў 1729 годзе:

“Зь сяней у кухню дзьверы на завесах… у кухні… акно адно зашклёнае акно ў сьвінцовай раме, з жалезнай краткай… Зь сяней у хату дзьверы на завесах…У той сьвятліцы два акна вэнэцыянскага шкла ў алавяным пераплёце, аканіцы жалезам акаваныя”.

У магнацкім палацы, дзе вокны разьмяшчаюцца ў адзін шэраг на фасадах, пераважна дваровых, колькасьць вокнаў залежыць яшчэ і ад велічыні памяшканьня (унутранага падзелу будынка)”.

(Ракіцкі: ) “Ці маюць рацыю тыя, хто разьмяшчае хату глухой сьцяной да вуліцы?”

(Здановіч: ) “Безумоўна, так. Паводле традыцыі, у сялянскім доме, большасьць вокнаў менавіта з двара, і мінімум — на вулічным фасадзе”.

(Ракіцкі: ) “Але, пачынаючы з эпохі Адраджэньня, памеры вокнаў паступова павялічваюцца. Тым ня меней, функцыя акна як уваходу-выхаду (у тым ліку і для злодзеяў) застаецца ня толькі мітычнай. Ці ўлічвалі гэта нашыя продкі?”

(Здановіч: ) “Справа ў тым, што акно набіралася з аконных шыбак невялікіх памераў, і ўпраўляліся яны спачатку ў сьвінцовыя пераплёты. Шыбкі маглі пабіць, але ўлезьці ў акно праз 10-15-сантымэтравую адтуліну было немагчыма”.

(Ракіцкі: ) “Як адрозьніваюцца вокны паводле тэхналёгіі вырабу, зьнешніх дадзеных?”

(Здановіч: ) “Вокны адрозьніваюцца па колькасьці шыбак (ад 2 да 8), па матэрыялах пераплётаў (драўляныя ці сьвінцовыя). Хаця паступова першыя перамаглі, але праіснавалі яны аж да 17 cтагодзьдзя. Своеасаблівы кансэрватызм беларусаў выявіўся ў тым, што сьвінцовыя і драўляныя рамы, прыкладам, у 1638 годзе, існавалі ў адным і тым жа фальварку, у доме 1670 году — нават у адным пакоі, а ў будынку 1691 году — у адным акне”.

(Ракіцкі: ) “Рэканструяваныя драўляныя аконныя пераплёты з 17 стагодзьдзя можна пабачыць у адноўленым будынку базыльянскага кляштару ў Менску. Насамрэч улезьці праз такія вокны немагчыма. А яшчэ і аканіцы… Хутчэй за ўсё, нават у фальварках яны зьяўляюцца даволі позна — недзе ў 18 стагодзьдзі. Але ж шкло даўней было вельмі дарагім матэрыялам. Ці можам мы вызначыць, калі яно стала даступным шырокаму колу насельніцтва?”

(Здановіч: ) “Насамрэч у Беларусі найбольш раннія знаходкі адносяцца да 12–13 стагодзьдзяў (Наваградак, Полацак). У найбольш заможных гарадзкіх і шляхецкіх сядзібах зашклёныя вокны вядомыя з 16 стагодзьдзя. І толькі ў 17 стагодзьдзі, калі нашыя шкларобы-гутнікі разгарнуліся напоўніцу, гораду сталі даступнымі менавіта шкляныя вокны. А да гэтага замест шкла выкарыстоўвалі і спэцыяльнага вырабу скуры (расьпісаныя, як адзначана ў адным з інвэнтароў), прамасьленую паперу, пухіры жывёлы, прамасьленае палатно”.

(Ракіцкі: ) “Наколькі складаным быў працэс вырабу аконнага шкла і ці імпартаваўся гэты далікатны тавар на беларускія землі з Эўропы?”

(Здановіч: ) “Вядомыя два спосабы вырабу шыбак: выдзіманьне шклянога цыліндру з наступным раскатваньнем па роўнай паверхні. Пры простым раскатваньні шыбкі атрымліваліся круглай формы. Але калі гаспадар рабіў адмысловыя пераплёты, пад ромбападобныя шыбкі, гатовыя шыбкі абкусваліся спэцыяльнымі шчыпчыкамі. Другі спосаб, які быў пашыраны ў 18 стагодзьдзі, — прэсаваньне шкляных лістоў. Вось апісаньне такіх вокнаў:

“У гэтым пакоі тры акна ў дубовых рамах, акаваных жалезам, зь петлямі, вугольнікамі, крукамі і кручкамі. У кожным па чатыры шыбкі. Гэтыя вокны зашклёныя ліставым шклом”.

Тады ж дзеля замацоўваньня “белага шкла” стала ўжывацца замазка. Што тычыцца імпарту, то з мытных кніг вядомы прывоз “склашыб” з Круляўцу ў канцы 16 стагодзьдзя, а ў інвэнтары маёнтка Смаргонь за 1755 год апісваюцца “восем вокнаў крулявецкага шкла, у драўляных рамах, што адкрываюцца напалову”. Шклілі вокны і вэнэцыянскім шклом”.

(Ракіцкі: ) “Сучаснага чалавека заўсёды турбуе праблема цеплыні акна. Як вырашалі яе даўней?”

(Здановіч: ) “На самой справе, вокны з “дубэльтамі” (як кажуць на Слонімшчыне), падвойныя — даволі позьняе вынаходніцтва і дарагое задавальненьне. Таму прыдумлялі розныя спосабы ацяпленьня, і яшчэ — каб не пацелі вокны ўзімку. Сучасная вясковая гаспадыня не забудзецца паміж вокнамі вугольчыкі пакласьці. А дзеля ўцяпленьня ўзімку выкарыстоўвалі маты — плеценыя з саломы засланкі. Тады прыходзілася выбіраць паміж цяплом і сьвятлом”.

(Ракіцкі: ) “Даволі доўга вокны былі глухімі, гэта значыць, не адчыняліся. Гэта недахоп у тэхналёгіі вырабу ці нешта іншае, магчыма, нават міталягічнае?”

(Здановіч: ) “Хутчэй за ўсё, апошняе. Да нашага часу бабулі раяць перахрышчваць нанач адчыненае акно, крапілі сьвятой вадою, бо інакш гэта шлях для нячыстай сілы. І ўвогуле, з акном зьвязана шмат іншых павер’яў. На падваконьнікі ставілі сьвечкі грамнічныя, бо верылі, што ў часе навальніцы менавіта праз вокны лезуць д’яблы, і сьвечкай можна засьцерагчыся. Валачобнікі абменьваліся праз акно пажаданьнямі і дарункамі з гаспадарамі”.

(Ракіцкі: ) “Але ж акно — гэта яшчэ і аздоба дому, а значыць, яно падуладнае часу і модзе. Прыкладам, канец мінулага і пачатак цяперашняга стагодзьдзя ў аконнай модзе — гэта шклопакеты. Ці можна прасачыць хаду часу праз вокны?”

(Здановіч: ) “Я б сказала, што вокны, як дзьверы ці форма даху, гэта візытоўка часу. Мяняецца ня толькі форма вокнаў, але і форма ліштваў над вокнамі. Недарэмна архітэктары-рэстаўратары так старанна дасьледуюць менавіта аконныя праёмы (сьляды гэтага — у двары Нясьвіскага замку цяпер). Можна сказаць, што дзякуючы падуладнасьці модзе ці даніне традыцыям, вокны і цяпер актыўна служаць навуковаму аднаўленьню нашай спадчыны”.
XS
SM
MD
LG