Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці патрэбен Беларусі пераход на дзьвюхступеневую сыстэму адукацыі?


Валер Карбалевіч, Менск (эфір 27 студзеня) Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: былая намесьніца міністра адукацыі Беларусі Тацяна Галко і кандыдат пэдагагічных навук Сьвятлана Мацкевіч.

(Валер Карбалевіч: ) “У сераду кіраўнік дзяржавы правёў нараду што да структуры вышэйшай адукацыі. Праблема пераходу на дзьвюхступеневую сыстэму адукацыі абмяркоўваецца даўно. У Эўропе гэты працэс актыўна разьвіваецца. І ў нас размовы аб бакаляўрах і магістрах ведаюць усе, хто неяк зьвязаны з вышэйшай адукацыяй. Гэтая ідэя пачала патрохі рэалізоўвацца на практыцы. Яе прэзэнтаваў у сераду на нарадзе ў Лукашэнкі міністар адукацыі Радзькоў. У чым сутнасьць ідэі дзьвюхступеневай сыстэмы адукацыі?”

(Тацяна Галко: ) “Гэтая сыстэма новая ня толькі для нас, але і для Эўропы. Яна ня новая толькі для краінаў англасаксонскага сьвету: ЗША, Канады, Аўстраліі. Зьяўленьне гэтай сыстэмы было іх адказам на дзьве новыя тэндэнцыі, якія набіраюць моц у сьвеце. Найперш гэта тэндэнцыя хуткіх тэхналягічных зьменаў. І сыстэма адукацыі павінна быць вельмі гнуткай, адпавядаць гэтым хуткім зьменам, мець магчымасьць хутка пераналаджвацца. Па-другое, гэта працэсы інтэрнацыяналізацыі, глябалізацыі, у тым ліку, рынку працы і адукацыйных паслугаў. І Эўропа таксама пачала рухацца ўсьлед за англасаксонскімі краінамі. Бо студэнты пачалі пераяжджаць для працягу адукацыі ў ЗША і іншыя такія краіны.

Чаму гэтая сыстэма адукацыі такая гнуткая і адаптыўная да навацыяў? Бакаляўрская адукацыя — гэта падмурак з фундамэнтальных ведаў, гуманітарных і іншых каштоўнасьцяў для будучай прафэсійнай дзейнасьці. А на гэтым падмурку потым можна вельмі хутка мяняць, перанастройваць розныя спэцыялізаваныя плыні праз спэцшколы, магістратуру, іншыя формы”.

(Сьвятлана Мацкевіч: ) “Сапраўды, пераход да дзьвюхступенчатай сыстэмы адукацыі — гэта імкненьне адпавядаць тэндэнцыі глябалізацыі, прафэсіяналізацыі і ўнівэрсалізацыі ведаў. У гэтым кірунку перабудоўваецца ўся сыстэма адукацыі ў Эўропе і на постсавецкай прасторы. І калі не пасьпяваць за гэтымі аб’ектыўнымі зьменамі, якія складваюцца натуральным шляхам, то краіна будзе адставаць ад разьвіцьця”.

(Карбалевіч: ) “Лукашэнка паставіўся да гэтай ідэі вельмі насьцярожана. На самым пачатку абмеркаваньня гэтага пытаньня ён адзначыў, што ўвогуле ставіцца вельмі крытычна да рэформаў у адукацыі, таму што савецкая школа паказала сваю эфэктыўнасьць і ня трэба яе ламаць. Ён перасьцярог ад бяздумнага, на ягоны погляд, капіяваньня заходніх адукацыйных стандартаў. І яшчэ Лукашэнка выказаў меркаваньне, што пераход на дзьвюхступеневую сыстэму адукацыі будзе спрыяць больш хуткаму “адтоку мазгоў” на Захад. Як вы ставіцеся да такіх аргумэнтаў?”

(Галко: ) “Калі мы арыентаваныя на інтэграцыйныя працэсы ва ўсясьветную супольнасьць, то мы павінны падтрымліваць рэфармаваньне сыстэмы адукацыі. Калі мы супраць гэтага, хочам замкнуцца ў нацыянальных межах, тады трэба ўсё замарозіць і ніякіх захадаў да рэформаў не рабіць. Пераход да дзьвюхступеневай сыстэмы адукацыі дазваляе ўліцца ва ўсясьветную агульнаадукацыйную прастору ня толькі дзяржаве, але і асобным грамадзянам. Яна адкрыла б кожнаму беларусу ўсясьветны рынак адукацыйных паслугаў і рынак працы.

Савецкая сыстэма адукацыі папраўдзе была не такою дрэннаю. Яна адпавядала патрабаваньням ХХ стагодзьдзя, тагачаснаму ўзроўню эканамічнага разьвіцьця. Але час зьмяніўся. І гэтая сыстэма павінна рэфармавацца, як і ўсё ў сьвеце”.

(Мацкевіч: ) “Хацела б паглядзець на гэтае пытаньне крыху глыбей. Калі разважаюць пра тое, добрая адукацыя ці дрэнная, то трэба заўсёды памятаць, што гэтае пытаньне адноснае. Адносна чаго добрая? Мусіць, адносна тых мэтаў, задачаў, якія стаяць перад ёй. Калі мы кажам, што савецкая адукацыя была вельмі добрай, то трэба ўдакладніць, што для свайго часу. Тады усё вырашала дзяржава, яна кіравала асобаю, вырашала, дзе нам лепш працаваць. Выбар для асобы быў вельмі звужаны.

Цяпер час зьмяніўся. Таксама зьмяніўся і гэты прынцыповы падыход адносна ролі дзяржавы. Ужо не яна павінна вырашаць лёс чалавека, а ён сам вырашае і праектуе сваю адукацыйную траекторыю, вырашае, дзе яму вучыцца: у Беларусі, у Эўропе ці дзе яшчэ. Такі падыход больш цывілізаваны. І тармажэньне працэсу пераходу да дзьвюхступеневай сыстэмы адукацыі азначае, што стрымліваюць правы беларускіх грамадзянаў самім вырашаць, дзе і якую адукацыю атрымліваць, пазбаўляюць нас права выбару”.

(Карбалевіч: ) “Па выніках нарады ў Лукашэнкі былі прынятыя рашэньні. Пакуль што перапыняецца пераход да дзьвюхступеневай сыстэмы адукацыі. Адклікаецца з Палаты прадстаўнікоў закон аб адукацыі. Канчатковае вырашэньне гэтага пытаньня пераносіцца на больш позьні тэрмін. Лукашэнка падтрымаў пераход на чатырохгадовы тэрмін атрыманьня вышэйшай адукацыі. Уводзіцца інстытут магістратуры як першая ступень асьпірантуры. Захаваецца практыка адпрацоўкі выпускнікамі дзяржаўных ВНУ па разьмеркаваньні. Як гэта можна пракамэнтаваць?”

(Галко: ) “Гэта вельмі небясьпечная тэндэнцыя. І калі разьвіцьцё нацыянальнай сыстэмы адукацыі пойдзе ў гэтым кірунку, мы вельмі хутка пагоршым якасьць нашых спэцыялістаў. Якая цяпер сыстэма адукацыі ў заходнім сьвеце? Гэта 12–13-гадовае навучаньне да ВНУ. Потым 3–4 гады бакаляўрская падрыхтоўка. Потым 1–1,5–2 гады, а ў некаторых спэцыяльнасьцях і 3 гады магістратура. Такі адукацыйны пласт робіць адукацыю якаснай і адпаведнай сёньняшнім патрабаваньням.

Калі мы будзем рыхтаваць спэцыяліста за 4 гады пры нашай нават яшчэ не 12-гадовай сярэдняй школе, то мы ня толькі не атрымаем навацыяў, але страцім і ўсё тое добрае, што было ў нашай былой сыстэме адукацыі. Бо цяпер нарастае такі аб’ём ведаў, адбываюцца такія хуткія зьмены, што за 4 гады ня толькі немагчыма зрабіць якаснай фундамэнтальную і спэцыяльную адукацыю, але нават толькі фундамэнтальную падрыхтоўку немагчыма зрабіць якаснай. Гэта прывядзе да рэзкага зьніжэньня якасьці адукацыі. Я б перасьцерагла ад таго, каб нашая сыстэма адукацыі ішла гэтым шляхам, бо гэта будзе катастрофа”.

(Мацкевіч: ) “Мне здаецца, што гэтае рашэньне хутчэй палітычнае, чым прафэсійнае. Трэба выходзіць на дзьвюхступеневую сыстэму адукацыі. Але таксама я не магу не згадзіцца з кіраўніком дзяржавы ў тым, што патрэбныя больш дасканалыя напрацоўкі ў гэтым кірунку. Калі мы гаворым толькі пра зьмену ступеняў адукацыі, то гэта фармальны падыход. Таму што, акрамя формаў, павінна ісьці аднаўленьне зьместу адукацыі. Калі мы зьмяняем форму, тэрміны адукацыі, але не зьмяняем зьместу, мы не атрымаем высокай якасьці. Трэба вучыць студэнтаў у першую чаргу мысьленьню, эўрапейскаму мысьленьню.

Беларусь прыняла той выклік, які зьявіўся ў Эўропе з пачаткам Балёнскага працэсу ў 1990-я гады. І мы маем навуковыя, мэтадычныя распрацоўкі ў гэтай сфэры, ведаем сучасныя патрабаваньні. Кожны беларус павінен валодаць кампутарам, ведаць некалькі замежных моваў... Мы павінны ісьці туды, куды ідзе ўвесь сьвет”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, пераход на новую дзьвюхступеневую сыстэму адукацыі перапынены. Гэта можа пагражаць ізаляцыяй краіны, ізаляцыяй беларускай сыстэмы адукацыі ад усясьветнай. Але, гледзячы па ўсім, гэта ня надта непакоіць найвышэйшую дзяржаўную ўладу. Таму што, як тут адзначалася, пры прыняцьці рашэньняў аб адукацыі палітычная матывацыя пераважае”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG