Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

За апошнія 10 год у Беларусі вырас попыт на музэі


Севярын Квяткоўскі, Менск У Беларусі павышаецца цікавасьць да ўстановаў культуры. Пра тэндэнцыю гавораць чыноўнікі ад культуры, а іхныя выкладкі пацьвярджаюцца спэцыялістамі-музэйнікамі. У параўнаньні з пачаткам 1990-х колькасьць наведнікаў некаторых музэяў павялічылася ў дзесяткі разоў.

Намесьнік дырэктара музэю народнай архітэктуры і побыту ў Строчыцах Антон Астаповіч прыгадвае, што напачатку 1990-х ня тое, што зімой, нават летам за дзень маглі зьявіцца адно два-тры наведнікі. Цяпер у сярэднім колькасьць дасягае ста.

(Астаповіч: ) “Сёньня музэй запатрабаваны, і мы маем каля трыццаці тысячаў наведнікаў за год. І, дарэчы, ёсьць тэндэнцыя росту”.

Магчыма, можна дапусьціць, што беларуская дзяржава выпрацавала канструктыўную палітыку падтрымкі музэйнай справы? Слова дацэнту катэдры гісторыі Беларусі і музэязнаўства менскага Ўнівэрсытэту культуры Алегу Трусаву:

(Трусаў: ) “Малое фінансаваньне, вельмі малыя заробкі ў музэйных супрацоўнікаў, вельмі мала грошай выдзяляецца на закупку новых экспанатаў. Часам не выдзяляюцца грошы на выданьне буклетаў і паштовак, зьвязаных з музэямі”.

Якое выйсьце са складанай эканамічнай сытуацыі знаходзяць музэйнікі? Тлумачыць Антон Астаповіч:

(Астаповіч: ) “Для тэлекампаніяў, “Беларусьфільму” ці прыватных лепш заплаціць нам за здымкі на тэрыторыі музэю, чым будаваць адпаведныя дэкарацыі. Адкрыта міні-кавярня. У нас можна замовіць вясельны абрад, можна й дзень нараджэньня адсьвяткаваць”.

Адным з самых нечаканых паводле тэматыкі можна назваць музэй калекцыяў, створаны ў Віцебску. Тут экспануюцца самыя розныя калекцыі віцяблянаў: манэты, салдацікі, кніжкі... Але гэта адзінкавы выпадак. Лёгкіх паводле тэматыкі, “папсовых” музэяў у Беларусі практычна няма. Такіх, напрыклад, як у літоўскім Каўнасе музэй чарцей. Альбо як славуты Амстэрдамскі музэй сэксуальнай культуры.

Зрэшты, ёсьць зусім ня лёгкая музэйная тэма, якая мае вялікую папулярнасьць у краінах колішняга сацыялістычнага лягеру – тэма злачынстваў камуністычных рэжымаў. У Вугоршчыне і Літве існуюць цэлыя паркі, куды зьвезеныя помнікі савецкім дзеячам. Там працуюць экспазыцыі, якія апавядаюць пра бязьвінных ахвяраў камуністычнага тэрору.

Але большасьць беларускіх музэяў маюць выразную тэматычную скіраванасьць. Беларускі музэй – альбо краязнаўчы, альбо мастацкі, альбо гістарычны, альбо літаратурны.
XS
SM
MD
LG