Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З-за пацяпленьня клімату шмат гракоў не адлятаюць у вырай


Іна Студзінская, Менск Грамадзкая арганізацыя “Ахова птушак Беларусі” ўжо шосты год запар абвяшчае нацыянальныя зімнія ўлікі дзікіх птушак. Якія мэты такіх улікаў і як наагул пераносяць птушкі маразы, што ў рэшце рэшт ударылі прыканцы студзеня?

Мэта ініцыятывы – даведацца, на якіх рэках, да прыкладу, зімуе “вадзяны верабей” аляпка, ці зімародак, колькі гракоў засталося зімаваць, якія яшчэ пералётныя птушкі не адляцелі, хто прыляцеў да нас на зімоўку. Арнітолягі кажуць, што нават зімой у Беларусі можна ўбачыць амаль 100 відаў птушак. Толькі ў сталіцы заўважаны 71 від.

Ці ёсьць цяпер ў горадзе гілі, ці сьнегіры? Гілі якраз не пералётныя, яны і летам жывуць у беларускіх лясах, звычайна ў ельніках. А зімой чырвонагрудыя гілі больш прыкметныя, бо прылятаюць і ў горад, дзе шмат рабіны. Арнітолягі кажуць, што стала іх менш, але ў Менску сустракаюцца.

Як на зімовы курорт звычайна са Скандынавіі ў Беларусь прылятаюць амялушкі, а таксама драпежнік канюх-зімняк, які палюе на дробных грызуноў. Аб праблемах, зь якімі сутыкаюцца рэдкія птушкі зімой, распавядае арнітоляг Аляксандар Вінчэўскі:

(Вінчэўскі: ) “У Беларусі ёсьць некалькі відаў птушак, якім перазімоўваць цяжка – гэта патрыёты Беларусі, якія нікуды не адлятаюць: арол-маркут і арлан-белахвост. Але ў Беларусі часта ловяць зьнясіленых арланаў і арлоў-маркутоў са Скандынавіі. Напрыклад, у сьнежні нам тэлефанавалі з Салігорску, у мясцовай школе прытуліўся маркут, якога потым перадалі ў Менскі заапарк, бо ён настолькі зьнясіліўся, што так яго і не адкармілі. А вось літаральна днямі была інфармацыя з Маскоўскай вобласьці, што ў птушыны шпіталь даставілі арлана-белахвоста, акальцаванага птушанём некалькі гадоў таму ў Беларусі, злавілі яго ў Наўгародзкай вобласьці, ён трапіў у рыбацкія сеткі, зламаў нагу”.

“Ахова птушак Беларусі” праводзіць улік водаплаваючых птушак і наземных – у гарадах, лясах. У рэшце рэшт пачаліся маразы, замерзьлі вадаёмы, і водныя птушкі сканцэнтруюцца, іх будзе лягчэй падлічыць.

І яшчэ адно цікавае назіраньне: вельмі шмат гракоў не адлятаюць зімаваць на поўдзень, застаюцца ў Беларусі. Арнітолягі тлумачаць гэта глябальным пацяпленьнем.

Ці пагражаюць птушкам цяперашнія маразы? Арнітолягі кажуць, што пакуль рана біць трывогу. Парады супрацоўніка Інстытуту заалёгіі Сяргея Зуёнка:

(Зуёнак: ) “10 градусаў для нашых птушак – даволі звыклы мароз. Было вальготна ім увесь час, бо не было сьнегу, ежа была даступная, можна было жамяру шукаць. Зараз будзе крыху горш, але гэта яшчэ не трагедыя для іх. Калі будзе за 20 градусаў– будзе цяжэй. А так што можна параіць? Кармушкі вешаць, насеньне сланечніка падсыпаць, сала несалёнае, і будуць сініцы і вераб’і сілкавацца, і зелянушкі, і ўсе астатнія”.

Птушкам пагражаюць ня столькі маразы, колькі экалёгія, забруджаныя вадаёмы. Увосень экалягічная катастрофа здарылася нават у Батанічным садзе. А пару гадоў таму ў незамярзаючыя сажалкі ў Шабанах, куды ідуць каналізацыйныя сьцёкі, трапілі яшчэ і нафтапрадукты. Загінула вялікая колькасьць качак, лебедзяў, лысух.
XS
SM
MD
LG