Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Самагонаварэньне ў Белавескай пушчы ператварылася ў прыбытковы бізнэс


Алег Супрунюк, Берасьцейская вобласьць У Нацыянальным парку “Белавеская пушча” здарыўся выпадак, які ня трапіў у афіцыйныя зводкі, але ледзь не прывёў да трагічных наступстваў.

Жыхары навакольных вёсак спрабавалі вывезьці з пушчы выраблены падпольным чынам моцны напой, але адбыўся выбух самагоннага апарату. У выніку два чалавекі былі шпіталізаваныя: спачатку яны знаходзіліся ў Пружанах, а пасьля былі перавезеныя ў рэанімацыйнае аддзяленьне Берасьцейскага абласнога шпіталю і зараз працягваюць лячэньне ў апёкавым аддзяленьні гэтай мэдычнай установы.

Лекары ацэньваюць стан іх здароўя як цяжкі, бо апёкамі пашкоджана 50-60 адсоткаў скуры гэтых людзей. Рэабілітацыя можа расьцягнуцца на вельмі працяглы тэрмін, і родным гэтых вяскоўцаў можна толькі паспачуваць. Паводле атрыманай інфармацыі, ніякага расьсьледаваньня ў гэтай справе зараз не вядзецца, і ўсё падаецца як звычайны бытавы выпадак.

Ад многіх людзей даводзілася чуць, што самагонаварэньне ў Белавескай пушчы, разам зь несанкцыянаваным паляваньнем і вырубкай лесу, ператварылася ў вельмі прыбытковы бізнэс. Ёсьць нават своеасаблівыя расцэнкі: з кожных 50 літраў вырабленага напою 15 літраў трэба аддаць гаспадару, якім фактычна ёсьць лясьнічы.

Але галоўная праблема палягае нават ня ў гэтым. Вось што распавёў былы кіраўнік службы аховы Белавескай пушчы Юрый Грачанік:

(Грачанік: ) “У чым бяда нашая і будучых пакаленьняў? Мы зьнішчаем самае сэрца Белавескай пушчы. Таму што самагонныя апараты ўладкоўваюцца ў недатыкальных, запаведных зонах, дзе нага чалавека фактычна не ступае”.

Дарэчы, сам спадар Грачанік вымушаны быў звольніцца з Нацыянальнага парку. Ён кажа, што зрабіў гэта таму, што нязгодны з курсам цяперашняга кіраўніцтва пушчы, якое фактычна не змагаецца з самагонаварэньнем у запаведніку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG