Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Беларускі бок па палітычных і іншых матывах не імкнецца ўвесьці расейскі рубель”


Міхал Стэльмак, Менск 28 студзеня ў Горадні пройдзе паседжаньне Міжбанкаўскага валютнага савету, на якім, як мяркуецца, будзе разгледжана пытаньне валютнай інтэграцыі Беларусі і Расеі.

Як вынікае з парадку дня паседжаньня, банкіры Беларусі і Расеі на чале з кіраўнікамі цэнтральных банкаў гэтых краін Пятром Пракаповічам і Сяргеем Ігнацьевым плянуюць абмеркаваць справы міжбанкаўскага супрацоўніцтва, а таксама зьвярнуцца да разгляду пытаньня ўвядзеньня расейскага рубля на тэрыторыі Беларусі.

Апошняе пытаньне – ня новае, яно ў беларуска-расейскіх узаемадачыненьнях фігуруе фактычна з таго самага моманту як была абвешчана пабудова Саюзнай дзяржавы. Больш таго, згодна ранейшых плянаў, беларусы зь 1 студзеня сёлетняга году ўжо павінны былі карыстацца расейскім рублём у якасьці адзінага плацёжнага сродку. Аднак гэтая задума ня спраўдзілася. Чаму? Вось як адказаў на гэтае пытаньне прэсавы сакратар Нацыянальнага банку Беларусі Міхаіл Журавовіч:

(Журавовіч: ) “Тут галоўная прычына ў тым, што ўвядзеньне адзінай валюты – гэта канчатковы этап інтэграцыі. А для гэтага трэба стварыць нармалёвыя ўмовы для яго ўвядзеньня. І галоўная зь іх у тым, што беларускі бок хоча стварыць роўныя ўмовы гаспадараньня для прадпрыемстваў, для перамяшчэньня грамадзян. Не галоўнае ўвесьці яго адразу і ў любы час, а перш за ўсё, каб гэты расейскі рубель працаваў як на эканоміку, так і быў зручны ў выкарыстаньні самімі грамадзянамі”.

Такім чынам, зрыў плянаў увядзеньня расейскага рубля беларускі бок тлумачыць адсутнасьцю належных эканамічных умоваў. Летась Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін абвясьцілі новы тэрмін увядзеньня расейскага рубля на тэрыторыі Беларусі – 1 студзеня 2006 году.

Наколькі верагоднай ёсьць рэалізацыя новых дамоўленасьцяў? Для таго, каб яны былі рэалізаваныя, патрэбна стварыць перадумовы. Напрыклад, вырашыць праблему Эмісійнага цэнтру. Я нагадаю, што пазыцыя расейскіх банкіраў у тым, каб Эмісійны цэнтар Саюзнай дзяржавы мясьціўся ў Маскве. Беларускі Нацыянальны банк з гэтым ня згодны.

Але нават каб тут была згода бакоў, то гэтага мала. Фінансавая інтэграцыя Беларусі і Расеі залежыць ня толькі ад банкіраў, але і ад стану іншых накірункаў беларуска-расейскага супрацоўніцтва, у прыватнасьці – ад дамоўленасьцяў у энэргетычнай сфэры. Як вядома, нядаўнія перамовы бакоў наконт цаны расейскага газу для Беларусі завяршыліся на расейскіх умовах.

Паводле экспэртаў, Расея настойвала, што калі Беларусь прыме ўмовы партнэра ў пытаньні расейскага рубля, то газ ёй будзе пастаўляцца па ўнутрырасейскіх цэнах. Беларусь не прыняла гэтых умоваў, што азначае адсутнасьць прагрэсу ў пытаньні фінансавай інтэграцыі.

Ёсьць шмат іншых канфліктных пытаньняў, якія выклікаюць сумнеў у магчымасьць зьяўленьня расейскіх грошай на тэрыторыі Беларусі. І найперш ня верыць у гэта расейскі бок. Вось, напрыклад, якім меркаваньнем на гэты конт падзяліўся са мной вядомы расейскі экспэрт, загадчык аддзелу Беларусі расейскага Інстытуту краін СНД Аляксандр Фадзееў:

(Фадзееў: ) “Вінаваты беларускі бок. Беларускі бок па палітычных і іншых матывах не імкнецца ўвесьці расейскі рубель. Ня хоча, каб быў празрыстым яе бюджэт, каб пад кантроль патрапіў яе Нацыянальны банк. Ня хоча, каб была празрыстай яе фінансава-крэдытная сфэра. Бо там гэтая сфэра кантралюецца вярхушкай чынавенскага апарату”.
XS
SM
MD
LG