Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

29 студзеня 1922 году ў Менску быў створаны Інстытут беларускай культуры


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 28 і 29 студзеня

28 студзеня 1596 году пакінуў гэты сьвет Фрэнсыс Дрэйк, ангельскі мараход. Сучасьнікі называлі яго “жалезным піратам“. Дрэйк служыў у буйной кампаніі, частка акцыяў якой належала ангельскай каралеве Лізавеце І. Каралева забірала сабе большую частку пірацкае здабычы. Адначасова Дрэйк першым з ангельцаў зрабіў кругасьветнае падарожжа, адкрыў новыя марскія шляхі, якія раней былі вядомыя толькі гішпанцам і партугальцам. Якраз на іх і рабілі піраты Дрэйка свае напады. Цікава, што менавіта ад Дрэйка пайшоў вайсковы рытуал аддаваньня чэсьці. Аднойчы на прыёме каралевы ён прыкрыў рукой вочы, нібыта ўражаны прыгажосьцю Лізаветы…

28 студзеня 1986 году ў небе над Флорыдай выбухнуў шматразовы касьмічны карабель “Чэленджэр”. Перад тым гэты карабель зрабіў некалькі пасьпяховых рэйсаў. У апошнім палёце разам зь ім загінула сямёра касманаўтаў.

28 студзеня 1994 году Вяpхоўны Савет Белаpyсі абpаў сваім стаpшынём Мечыслава Гpыба. Сёньня экс-сьпікер парлямэнту краіны – адзін зь лідэраў дэмакратычнай апазацыі.

28 студзеня 1998 году быў вынесены абвінаваўчы прысуд журналістам расейскай тэлекампаніі ОРТ Шарамету і Завадзкаму за тое, што яны нібыта парушылі беларуска-літоўскую мяжу. Шарамет атрымаў 2 гады, а Завадзкі – паўтара гады ўмоўна. У сьледчым ізалятары яны сядзелі ў Горадні.

28 студзеня ў розныя гады нарадзіліся амэрыканскі піяніст Артур Рубінштэйн, які паходзіў з нашых краёў, беларускі палітык Язэп Мамонька, народны артыст Беларусі Павал Кармунін, гістарычны раманіст Леанід Дайнека і кінарэжысэр Міхаіл Пташук.

Цяпер – пра памятныя даты заўтрашняе суботы.

29 студзеня 1922 году ў Менску быў створаны Інстытут беларускай культуры, які пазьней рэарганізуюць у Акадэмію Навук.

29 студзеня 1924 году быў заснаваны Бярэзінскі запаведнік. Цяпер ён мае статус біясфэрнага і ўключаны ў сыстэму запаведнікаў сусьветнага значэньня.

29 студзеня 1975 году ў Менску адкрыўся кінатэатар “Кастрычнік” – адзін з найбуйнейшых у сталіцы і ў Беларусі.

29 студзеня ў розныя гады нарадзіліся Аляксандар Брукнэр, слынны філёляг і гісторык культуры, расейскі пісьменьнік Антон Чэхаў і францускі празаік Рамэн Ралян, два дзеячы беларускага адраджэньня – Уладзімер Самойла і Антон Луцкевіч, а таксама футбаліст зорнага складу менскага Дынама Сяргей Бароўскі.
XS
SM
MD
LG