Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Моладзь за беларусізацыю тэлебачаньня


Галіна Абакунчык, Менск Моладзевая ініцыятыва “Вока” абвясьціла пра пачатак акцыі пад назваю “Беларусізацыя тэлебачаньня”. Яны намерваюцца дамагацца, каб у эфіры чатырох каналаў, якія існуюць у тэлевізійным эфіры краіны, гучала ня менш за 50% беларускай мовы. Гэта першы канал “Беларускага тэлебачаньня”, “Сталічнае тэлебачаньне”, “Агульнанацыянальнае тэлебачаньне” й “8-ы канал”.

Якім чынам арганізатары намерваюцца дамагацца сваёй мэты? Яны хочуць сабраць ня менш за 10 тысячаў подпісаў грамадзянаў і накіраваць іх кіраўніцтву кампаніяў і ў вышэйшыя дзяржаўныя ўстановы. Чаму й дзеля чаго гэта робіцца, адзін з арганізатараў Алесь Мазанік патлумачыў гэтак:

(Мазанік: ) “Гэтую акцыю мы робім дзеля таго, каб паказаць, што дастаткова людзей, якія зацікаўленыя ў разьвіцьці менавіта беларускай мовы і культуры. Мы вырашылі сабраць подпісы – можа й ня самы лепшы варыянт, але самы дэмакратычны. І гэта пакажа, што такія людзі ёсьць”.

Як вядома, сябры руху “Вока” нядаўна арганізавалі спробу беларусізаваць MTS і FM-радыёстанцыі. А менавіта – патрабавалі стварыць беларускамоўны інтэрнэт-сайт і павялічыць колькасьць беларускай музыкі ў эфіры. Якім ёсьць вынік гэтых намаганьняў?

Паводле актывістаў руху, у службу MTS было пададзена каля дзьвюх тысячаў подпісаў, і там частку сайту ўжо зрабілі беларускім. Паабяцалі яго дапрацаваць і стварыць магчымасьці для беларускамоўных SMS-паведамленьняў.

З FM-радыёстанцыямі вынік быў значна горшы. Многія ды-джэі адмаўляліся ставіць у эфір беларускія кампазыцыі, а кіраўніцтва многіх станцыяў заяўляла, што яны ўвогуле ня маюць такіх запісаў. Але й маладзёны не намерваюцца адступацца й цяпер хочуць зьвярнуцца да ўсіх беларускіх музыкаў з просьбай падараваць ім свае кампакт-дыскі, каб затым перадаць іх кожнаму FM-радыё.

Што кажуць арганізатары пра свае спадзяваньні на станоўчы выніку акцыі за “Беларусізацыю тэлебачаньня”? Паводле іхных словаў, нават калі вынік будзе й мізэрны, акцыя ўсё ж мае сэнс. Рэч такая, што да ўдзелу ў гэтай працы яны намерваюцца прыцягнуць сяброў многіх палітычных партыяў. Да прыкладу, да іх ужо далучыўся Малады Фронт й партыя БНФ. Папярэднюю згоду выказалі таксама Задзіночаньне беларускіх студэнтаў, “Зубр”, Аб’яднаная грамадзянская партыя, Беларуская партыя Свабоды.

(Мазанік: ) “Мы ставім мэту аб’яднаць усе нашыя рухі, каб зрабіць нешта канкрэтнае. Мы ведаем, што гэта патрэбна ня толькі нам, гэта патрэбна ўсім. Паглядзім, чым гэта ўсё скончыцца. Але ведаеце, калі нічога не рабіць – гэта ж горш”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG