Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Брусэлі разгледзяць праграму памежнага супрацоўніцтва зь Беларусьсю


Ул. інф. 28 студзеня Данута Гюбнэр, камісар ЭЗ па рэгіянальнай палітыцы, прадставіць у Брусэлі ў рамках паседжаньня структурнага эўрапейскага фонду дзевяць праграмаў новага памежнага і суседзкага супрацоўніцтва. Частка зь іх тычыцца міжрэгіянальнага памежнага супрацоўніцтва ўнутры ЭЗ, частка – памежных дачыненьняў паміж ЭЗ і ягонымі новымі суседзямі. Адзін з дзевяці праектаў прысьвечаны памежна-суседзкім стасункам Польшчы, Беларусі і Ўкраіны.

Праграма накіраваная на будаўніцтва адпаведных інфраструктураў, прадпрыемстваў малога і сярэдняга бізнэсу на мяжы гэтых краін, а таксама на стварэньне транспартных камунікацый, адмысловых экалягічных і камунальных службаў. Мэта іншых праектаў – разьвіцьцё памежных рэгіёнаў Чэхіі, Славаччыны, краінаў Балтыі, Вугоршчыны, Румыніі, Расеі, Сэрбіі, Чарнагорыі, Харватыі, Італіі і Мальты. Паведамляецца, што ў абмеркаваньнях возьмуць удзел міністры названых краін.

Напярэдадні калега Дануты Гюбнэр, камісар па пытаньнях палітыкі новага суседзтва ЭЗ Бэніта Фэрэра-Вальднэр заявіла, што такія краіны як Украіна і Беларусь, нягледзячы на адрозную спэцыфіку палітычнага разьвіцьця, знаходзяцца ў цэнтры ўвагі эўрапейцаў і патрабуюць не агульных, а індывідуальных падыходаў з боку Брусэля. Размова ідзе як пра выпрацоўку партнэрскіх праграмаў, так і плянаў акцый.
XS
SM
MD
LG