Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік нямецкай чарнобыльскай ініцыятывы: “Пагрозы, што зыходзяць зь Беларусі, палохаюць”


Ул. інф. Нямецкі сьвятар Рудыгер Мюлер-Гербэрс, старшыня праектнай чарнобыльскай групы ў курортным мястэчку Бад-Швальбахер непадалёк ад Візбадэна наікраваў ліст да Аляксандра Лукашэнкі, у якім піша, што тыя пагрозы, якія апошнім часам зыходзяць з боку афіцыйнага Менску, палохаюць ягоных земялкоў. На працягу апошніх 14 год сябры ініцыятывы ў Бад-Швальбахеры вельмі плённа супрацоўнічалі з жыхарамі Слаўгародчыны. Сёньня ж яны вельмі занепакоеныя будучыняй кантактаў.

У сваім лісьце да беларускага кіраўніка сьвятар Рудыгер Мюлер-Гербэрс піша, што спадар Лукашэнка ня толькі не павінен уводзіць забарону на замежныя паездкі беларускіх дзяцей, а наадварот – усяляк мусіць падтрымліваць гэткія кантакты.

Чарнобыльская ініцыятыва Бад-Швальбахеру ўпершыню прыняла дзяцей са Слаўгародчыны ў 1991 годзе. За гэты час немцам удалося ўстанавіць надзвычай добрыя кантакты са шматлікімі сем’ямі, а таксама дзіцячымі ўстановамі гэтага раёна.

Сярод праектаў ініцыятывы – будаўніцтва Цэнтру для дзяцей-інвалідаў у Слаўгарадзе, падтрымка дзіцячага лягеру адпачынку для чарнобыльскіх дзяцей “Сьвітанак”, што пад Менскам. Некалькі разоў на год немцы арганізуюць гуманітарныя канвоі – з харчаваньнем, адзеньнем (гэта для самых бедных сем’яў), а таксама з мэдыкамэнтамі, вітамінамі – для школ і лякарняў.

Ні кіраўнік праекту Рудыгер Мюлер-Гэрбэрс, ні ягоныя калегі ня бачаць у гэтых акцыях нічога нават аддалена падобнага на ідэалягічную апрацоўку беларускай моладзі, пра якую ў часе сваёй лістападаўскай прамовы ў беларускім парлямэнце заявіў прэзыдэнт Лукашэнка.

Як лічаць сябры чарнобыльскай арганізацыі у Бад-Швальбахеры, трэба толькі аднойчы зьезьдзіць у вёскі Слаўгародчыны, сустрэцца з тамтэйшымі дзецьмі, у тым ліку хворымі і інвалідамі, каб зразумець, што ідэалёгія, гэта апошняе, што ім цяпер трэба.

Як заяўляюць актывісты нямецкай дабрачыннай арганізацыі, тыя пагрозы, якія апошнім часам раздаюцца зь Менску адносна будучыні беларуска-эўрапейскіх дачыненьняў, ня могуць не палохаць. Самае крыўднае, што ў выніку спыненьня сувязяў больш за ўсё пацерпяць дзеці, зазначае нямецкі сьвятар.

Паводле прадстаўнікоў шэрагу чарнобыльскіх ініцыятываў, яны пакуль так і не атрымалі афіцыйнай рэакцыі ад беларускага кіраўніцтва ў адказ на свае шматлікія запыты. Аднак актывісты нямецкага чарнобыльскага руху спадзяюцца, што пазыцыя Менску будзе агучаная ў лютым у часе традыцыйнай партнэрскай сустрэчы няўрадавых арганізацыяў Нямеччыны і Беларусі, у якой будуць браць удзел адказныя супрацоўнікі беларускага МЗС і іншых міністэрстваў.
XS
SM
MD
LG