Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галакост і Беларусь – спэцыяльнае дасьледаваньне


Галіна Жарко, Менск 11-мільённай габрайскай супольнасьці сьвету нямецкі нацызм выносіў сьмяротны прысуд. У агні Галакосту загінулі 6 мільёнаў габраяў. Гэта далёка ня толькі габрайская Катастрофа. Гэта Катастрофа, урокі якой актуальныя для ўсіх народаў сьвету.

Слова Галакост паходзіць ад старажытнагрэцкага holokaustós, што азначала ‘ўсёспаленьне, зьнішчэньне агнём; ахвярапрынашэньне’. У сучасную гісторыю слова Галакост увайшло на вызначэньне палітыкі нацысцкай Нямеччыны, якая прывяла да вынішчэньня 6 мільёнаў габраяў у 1933 – 1945 гадох. Тэрмін Галакост упершыню выкарыстаў будучы ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру пісьменьнік Элі Вэзэль – выкарыстаў як сымбаль газавых камэраў і крэматорыяў.

Расказвае супрацоўніца музэю гісторыі й культуры габраяў Беларусі Вераніка Русава:

(Русава: ) “Калі людзей адпраўлялі ў газавыя камэры, ім давалі талёнчыкі на вопратку. Ім казалі: проста пойдзеце памыцца, потым атрымаеце адзеньне. Людзі з гэтымі талёнчыкамі ішлі ў газавую камэру”.

Галакост – гэта зьнішчэньне габраяў і прадстаўнікоў іншых нацыянальнасьцяў у гетах, на акупаваных тэрыторыях, у канцлягерах. Майданак, Аўшвіц-Біркенаў, Асьвенцім...

Менавіта з датаю вызваленьня Асьвенціму 27 студзеня зьвязаная прапанова некалькіх краінаў, сярод якіх Расея й Швэцыя, адзначаць гэты дзень як дзень Галакосту.

Сёлета ў рамках мерапрыемстваў, прысьвечаных 60-годзьдзю вызваленьня Асьвенціму ў Кракаве была прэзэнтаваная эўрапейская адукацыйная праграма “Ўрокі Галакосту для выкладчыкаў”. Урокам Катастрофы габрайскага народу павінна стаць, паводле мэтаў праграмы, уменьне своечасова пазнаваць небясьпеку ўсіх формаў расізму.

Напярэдадні мерапрыемстваў у Польшчы я пасьпела паразмаўляць са старшынёю беларускага фонду “Галакост” Інай Герасімавай.

(Герасімава: ) “Урокі гісторыі... Тое, што адбываецца ў сьвеце, паказвае, што гэтыя ўрокі ня вельмі добра памятаюць. Галакост – проста як прыклад, што можа быць зь любым народам. Гэта прыклад для ўсяго сьвету: нельга спакойна ставіцца ня толькі да самых малых праяваў антысэмітызму, але й да любой нянавісьці да любога народу. На мяне страх находзіць, калі я чую па тэлевізары, што пачынаюць біць на вуліцы чарнаскурых альбо асобаў каўкаскае нацыянальнасьці. Гэта тое самае!”

Ксэнафобія на масавым узроўні. Пра існаваньне гэтае зьявы сьведчаць, напрыклад, вынікі апытаньня расейскага фонду “Экспертиза”. На пачатку 2004 году 42 % рэспандэнтаў выступалі за абмежаваньне ўплыву габраяў, а 28 % падтрымалі аднаўленьне “рысы аседласьці”.

Паводле словаў Iны Герасiмавай, многiя габраі ў Беларусi па-ранейшаму саромеюцца адкрыта гаварыць пра сваю нацыянальнасьць і адмаўляюцца ўдзельнічаць у мерапрыемствах, прысьвечаных гісторыі Галакосту.

А ў 16-м томе “Беларускай энцыклапедыi”, афіцыйным выданьні, якое адлюстроўвае пазыцыю дзяржавы, у артыкуле Халакост увогуле нічога не гаворыцца пра зьнішчэньне габраяў у Беларусi.

У канцы 1970-х Ганна Краснапёрка завяршыла кнігу ўспамінаў “Пісьмы маёй памяці” пра менскае гета, дзе яна апынулася, калі ня мела й 16 гадоў. Расказвае муж Ганны Краснапёркі Ўладзімер Мехаў:

(Мехаў: ) “Яна пісала яе некалькі гадоў урыўкамі. Пісала па-беларуску. Мы былі ў Трускаўцы, калі яна закончыла. Я прачытаў і сказаў: “Ты гэтага ніколі не надрукуеш”. Божа мой! Колькі інстанцыяў праходзіла кніга! І Інстытут гісторыі партыі, і цэнзуру патройную. Наш добры сябра Анатоль Грачанікаў не адважыўся надрукаваць у “Маладосці”. А ў выдавецтве яна ляжала, і Міша Герчык – сам габрай – быў рэдактарам, пазваніў: “Божа мой, я ўсю ноч ня спаў, прачытаўшы! Але ж ты разумееш, гэта ніколі ня можа быць надрукавана”.

І ўсё ж кніга выйшла ў 1984-м. У Нямеччыне, дзе ўспаміны дзяўчыны зь менскага гета зьявіліся ў перакладзе, устаноўлена прэмія імя Ганны Краснапёркі.

(Спадарыня: ) “Галакост – гэта акіян нянавісьці, страху, абыякавасьці, злачынства. І ўсё ж сярод гэтага акіяну бесчалавечнасьці ёсьць прыклады высокага чалавечага духу. Я кажу пра людзей, якія, рызыкуючы ўласным жыцьцём, ратавалі габраяў. Бо словы габрай і расстрэл у нямецкіх загадах стаялі побач. Гэтыя людзі – праведнікі народаў сьвету. Але я ніколі ня чула, каб іх афіцыйна ўшаноўвалі мясцовыя ўлады, каб яны атрымалі нейкія льготы. І ўсё ж, дзякуючы такім людзям, ня сорамна за беларусаў”.

Праведнікі сьвету – гэта тытул, які Нацыянальны інстытут памяці ахвяраў Галакосту і габрайскага супраціву “Яд Вашэм” прысуджае людзям розных нацыянальнасьцяў, якія, рызыкуючы жыцьцём, ратавалі габраяў ад нацысцкага генацыду. У Беларусі 508 чалавек ушанавана мэдалём праведніка. Хто выратуе адно жыцьцё, той выратуе сьвет – напісана на гэтым мэдалі.

Ратавала габраяў і сям’я Станіслава Шушкевіча, які быў на той час малым дзіцем.

(Шушкевіч: ) “Я памятаю тых людзей, якія ішлі ў гета. Было жорстка, было страшна. Супрацьстаяць гэтаму, баюся, было проста немагчыма. Была жорсткая сыстэма, якая выконвала загады. І нацызм, і камунізм савецкі – гэта тое самае”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці можа цяпер здарыцца Галакост?”

(Шушкевіч: ) “Наша сыстэма мае пэўнае падабенства, але мы не ізаляваныя і гэта нас выратоўвае. Але ў нас зьніклі палітыкі... Гэта ж фрагмэнт той сыстэмы застрашваньня. Усёдазволенасьць пачынаецца там, дзе няма кантраляванай народам улады”.

Тэрмін Галакост выкарыстоўваецца як сынонім слова генацыд. Гісторык культуры, сябра міжнароднае грамадзкае арганізацыі “Мэмарыял” Вацлаў Арэшка:

(Арэшка: ) “Для мяне й беларускі народ – ахвяра генацыду. Асэнсаваньне падзеяў дапамагае пераадольваць страх. Страх узьнікае ад няведаньня. А ў нас людзі баяцца ведаць. І пра той жа Галакост, і пра сталінскія рэпрэсіі. Гэтыя трагедыі прымушаюць думаць, ствараюць сытуацыю дыскамфорту. Лепш проста ціха баяцца, што будзеш апошні ў гэтым шэрагу. Трэба нагадваць пра Галакост, пра ахвяры сталінізму, камунізму, фашызму”.

Паводле меркаваньня доктара гісторыі Эмануіла Іофэ, у гады ІІ усясьветнай вайны на тэрыторыі Беларусі загінулі 805 тысяч габраяў. У тым ліку 90 тысяч чалавек, дэпартаваных з Аўстрыі, Нямеччыны, Нідэрляндаў, Вугоршчыны, Польшчы, Чэхіі й Францыі.

(Герасімава: ) “Трэба гаварыць пра Галакост не таму, што мы габраі і хочам, каб гэта заўсёды памяталі. Не! Мы гаворым пра гэта, каб людзі памяталі, што зь любым народам могуць такое зрабіць”.

Ня варта забывацца й яшчэ на адно значэньне слова Галакост. Гэта непазьбежнае самаспаленьне, самазьнішчэньне чалавецтва ў выпадку глябальнае ядзернае вайны.
XS
SM
MD
LG