Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ю.Луцэнка: “Рэакцыяй на словы Юшчанкі будзе актывізацыя КДБ Беларусі”


Паўло Зубюк, Кіеў Фармаваньне новага ўраду і зьнешнепалітычныя заявы новага прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Юшчанкі адносна сытуацыі ў Беларусі беларускай “Свабодзе” камэнтуе актыўны ўдзельнік акцый “Украіна без Кучмы”, “Паўстань, Украіна!” і памаранчавай рэвалюцыі, народны дэпутат Вярхоўнай Рады Ўкраіны, сябра Сацыялістычнай партыі Юры Луцэнка.

Адказваючы на пытаньне наконт пазыцыі Сацыялістычнае партыі пад час фармаваньня новага ўраду Ўкраіны пад кіраўніцтвам Юліі Цімашэнка, спадар Луцэнка заўважыў, што сацыялісты вядуць пасьлядоўную палітыку, таму будзе падтрымліваць урадавыя ініцыятывы новага прэзыдэнта.

(Луцэнка: ) “Ён хаця і доўга, але нарэшце вызначыўся з фарматам гэтага ўраду – гэта ўрад тэрмінатараў. Зразумела, Сацпартыя, падтрымаўшы прэзыдэнта, падтрымае і ягоныя кандыдатуры ва ўрадзе. Наконт уваходжаньня ва ўрад – мы лічым немагчымым для нас уваходзіць дзеля дэкарацыяў”.

Словы Юшчанкі пад час выступленьня ў Радзе Эўропы наконт падтрымкі дэмакратызацыі Беларусі лідэр украінскіх апазыцыйных выступаў 2001-2002 гадоў падтрымаў вельмі ахвотна і з энтузіязмам.

(Луцэнка: ) “Нашыя дэмакратычныя сілы вельмі добра памятаюць тую неабходнасьць падтрымкі нашых імкненьняў, якую мы ўсё ж атрымалі на гэтых выбарах. Таксама памятаем маўклівасьць эўрапейскай супольнасьці пад час нашых першых “рэпэтыцыяў” у 2001 годзе. Менавіта таму прэзыдэнт Юшчанка адкрыта абвяшчае пра падтрымку дэмакратычнага руху ў Беларусі. Але гэта ўсё, чым мы можам дапамагчы. Усё астатняе – ў руках у беларусаў. Ніхто не прынясе вам свабоды і дэмакратыі – ні Бундэсвэр, ні спэцназ ГРУ з Масквы, ні “памаранчы” з Кіева. Гэта справа беларускага народу, а за намі – маральная і палітычная падтрымка ва Ўкраіне і за яе межамі. Акрамя таго мы можам перадаць досьвед, як правільна, весела і галоўнае – пераможна валіць тыранію”.

Наконт пэрспэктываў зьмены міждзяржаўных адносін паміж Беларусьсю і Ўкраінай спадар Луцэнка адказаў жартам.

(Луцэнка: ) “Канечне, я лічу, што беларускае КДБ будзе больш цесна “супрацоўнічаць з украінскім бокам” – вышукваючы памаранчы ў цягніках, якія прыбываюць да Менску”.

Пэрспэктываў пазытыўных зьменаў і вырашэньня праблемаў у адносінах Беларусі і Ўкраіны пры сёньняшнім кіраўніцтве ў Менску, адзін зь лідэраў украінскіх сацыялістаў ня бачыць.

(Луцэнка: ) “Баюся, што рэакцыяй на словы Юшчанкі будзе менавіта актывізацыя КДБ, а не нейкіх культурных ці эканамічных сувязей памiж нашымі народамі”.
XS
SM
MD
LG