Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пургурыдэс атрымаў адказ чыноўнікаў Рады Эўропы, але ён яго не задавальняе


Юры Сьвірко, Менск У чацьвер дэпутат парлямэнту Кіпру Хрыстас Пургурыдэс атрымаў пісьмовы адказ на свой запыт наконт санкцыяў супраць беларускіх чыноўнікаў. Хаця выканаўчы орган Рады Эўропы не выключае мажлівасьці пазбавіць Беларусь офісу ў страсбурскім Палацы Эўропы ды ўдзелу ў працы міжурадавых камітэтаў, спадар Пургурыдэс плянуе дамагчыся гэтага ўжо цяпер.

Маючы падтрымку ягоных калегаў у юрыдычным камітэце ПАРЭ, спадар Пургурыдэс зьвярнуўся да старшыні Камітэту міністраў Рады Эўропы з наступнымі пытаньнямі:

“Чаму Камітэт міністраў у сваім адказе на рэкамэндацыі 1657 (2004) наконт зьніклых асобаў у Беларусі не пасьледаваў прыкладу Эўрапейскага Зьвязу, які падвергнуў высокапастаўленых чыноўнікаў, згаданых у дакладзе Асамблеі, візавай забароне?”

“Чаму Камітэт міністраў нават не паставіў пад пытаньне удзел афіцыйных беларускіх прадстаўнікоў у такіх важных міжурадавых камітэтах, як Сталы камітэт правоў чалавека?”

“І нарэшце, ці прыймальна тое, што беларускі дыпляматычны прадстаўнік дагэтуль выкарыстоўвае офіс у памяшканьнях Рады Эўропы?”

Адказваючы на гэтыя пытаньні Хрыстаса Пургурыдэса, намесьнік міністра замежных справаў Польшчы Ян Трушчыньскі ад імя Камітэту міністраў Рады Эўропы напісаў наконт візавай забароны:

“Гэты запыт быў накіраваны сябрам Камітэту міністраў. Цяпер гэта справа дзяржаваў-сяброў вырашаць, уводзіць такую забарону або не”.

Што да іншых двух пытаньняў спадара Пургурыдэса, дык Ян Трушчыньскі даў такі адказ: “Камітэт міністраў у цэлым ня выступіў за прыняцьце больш радыкальнай пазыцыі ў гэтых справах. Было вырашана, што каналы зносінаў мусяць трымацца адкрытымі зь беларускімі ўладамі. Гэта ня значыць, што Камітэт міністраў не падзяляе заклапочанасьці, выказаныя спадаром Пургурыдэсам. Наадварот, яны былі паўтораныя ў тым адказе, які прыняў Камітэт міністраў на рэкамэндацыі 1657”.

Спадар Трушчыньскі скончыў свой пісьмовы адказ гэтак: “З той самай прычыны Камітэт міністраў будзе працягваць трымаць пад пільным наглядам гэтую справу й справу палітычных кантактаў зь беларускімі ўладамі, улічваючы разьвіцьцё сытуацыі ў Беларусі. Усе варыянты застаюцца адкрытымі ў гэтым кантэксьце”.

Сам Хрыстас Пургурыдэс заявіў, што цалкам нязгодны з гэтым адказам, які ён назваў праяваю палітыкі падвойных стандартаў.

“Або правы чалавека ў краіне парушаюцца, або не парушаюцца – да гэтага факту ня можа быць дваістага стаўленьня”, – заявіў ён у інтэрвію БелаПАН і паабяцаў на наступнай сэсіі ПАРЭ патрабаваць перагляду пазыцыі Камітэту міністраў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG