Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомелі ад пасады адхілены генэральны дырэктар “Гомельэнэрга” Алег Рыхтэр


Казімер Яноўскі, Гомель Гомельская абласная пракуратура на падставе матэрыялаў рэгіянальнай управы КГБ завяла крымінальную справу на генэральнага дырэктара рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства “Гомельэнэрга” Алега Рыхтэра. Яго падазраюць у злоўжываньні службовымі паўнамоцтвамі ды нанясеньні буйных стратаў прадпрыемству.

Паводле пастановы абласной пракуратуры Алег Рыхтэр адхілены ад пасады генэральнага дырэктара. Яго не арыштоўвалі і ня бралі пакуль падпіску пра нявыезд. Спадар Рыхтэр цяпер знаходзіцца дома ў чаканьні выкліку да сьледчых пракуратуры.

Як стала вядома, прэтэнзіі да генэральнага дырэктара зьвязаны з пакупкай у Расеі два гады таму абсталяваньня для Мазырскай цеплаэлектрацэнтралі, а таксама распрацоўкай канструктарскай дакумэнтацыі ў Расеі для мадэрнізацыі Сьветлагорскай ЦЭЦ. Рабілася гэта нібыта з парушэньнем рэглямэнту Савету міністраў і канцэрну “Белэнэрга” наконт заключэньня дамоваў. Не праводзіліся тэндэр і належная ацэнка фінансава-эканамічнай эфэктыўнаўсьці дамоваў.

Разьлічвалася “Гомельэнэрга” паводле бартэрных схемаў — таварамі гомельскіх заводаў, якія спажывалі электраэнэргію. У выніку прадпрыемству “Гомельэнэрга” нібыта і нанесены страты больш як 1 мільярд рублёў.

Я зьвязаўся з Алегам Рыхтэрам і папрасіў пракамэнтаваць прэтэнзіі да яго з боку праваахоўчых органаў:

(Рыхтэр: ) “Як вам сказаць. Гэта абсурд. Справа вось у чым. Калі існуе інвэстыцыйны праект на рэканструкцыю па лініі “Белэнэрга”, ідуць жывыя грошы. Мы ж куплялі абсталяваньне ў 2002 годзе для Мазырскай ЦЭЦ па бартэры з прымяненьнем вядомага фінансістам дысконту. Такой была эканоміка. Мы рабілі гэта сьвядома. Цепла– і энэргазабесьпячэньне Мазыра было пад пагрозаю. Канечне, пасярэднікі прадавалі бартэрны тавар таньней, чым заводы. У той час мы падлічылі, што банкаўскі крэдыт на абсталяваньне перавышаў тую суму, якую мы аддалі”.

Акрамя спадара Рыхтэра, пракуратура мае прэтэнзіі і да іншых службоўцаў “Гомельэнэрга”. Аднак прозьвішчы іх да завяршэньня сьледзтва не называюцца.
XS
SM
MD
LG