Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Лукашэнка заявіў, што ўсынаўленьне беларускіх дзяцей замежнікамі — адзін з каналаў гандлю людзьмі


Алег Грузьдзіловіч, Менск Кіраўнік дабрачыннага фонду “Дзецям Чарнобылю” Генадзь Грушавы лічыць праявай халоднай вайны спробы зьвесьці да мінімуму ўсынаўленьне беларускіх дзяцей замежнікамі.

Зьвесьці да мінімуму ўсынаўленьне беларускіх дзяцей замежнікамі загадаў Аляксандар Лукашэнка падчас нарады 27 студзеня, на якой абмяркоўвалі праект дэкрэту аб захадах дзеля прадухіленьня гандлю людзьмі.

(Лукашэнка: ) “Нават адзінкавыя выпадкі гандлю жанчынамі, дзяўчынамі, дзецьмі трэба разглядаць як надзвычайныя здарэньні”, — сказаў Аляксандар Лукашэнка.

Адным з каналаў гандлю людзьмі ён назваў усынаўленьне беларускіх дзяцей замежнікамі і загадаў: гэтыя працэсы “трэба зьвесьці да мінімуму”. “А лепш бы іх увогуле не было”, — заявіў Лукашэнка.

Паводле зьвестак Міністэрства адукацыі, за мяжой з 1991 да 2004 году ўсынавілі крыху больш за 3 тысячы беларускіх дзяцей. Апошнія гады ўмовы для ўсынаўленьня сталі больш жорсткія. Усынаўляюць толькі хворых дзяцей і толькі з асабістага дазволу міністра адукацыі. Падаткі ды іншыя выплаты замежнікаў для ўсынаўленьня дзіцяці дасягаюць 2 тысяч даляраў.

Як жывецца ўсыноўленым беларускім дзецям у новых сем’ях? Выкладчыца Марыя знаёмая зь лёсам знайдыша Пеці, які жыў у менскім дзіцячым інтэрнаце №3 для дзяцей з замаруджаным разьвіцьцём. Пяць гадоў таму Пецю ўсынавіла канадзкая сям’я, цяпер ён жыве ў гарадку Эштан пад Атавай. Марыя бачыла Пецю год таму, яна кажа, што хворага хлопчыка не пазнаць:

(Марыя: ) “У яго быў адмысловы пэдагог, які займаецца зь дзецьмі з замаруджаным разьвіцьцём, і Пеця падраўняўся. Цяпер ён вучыцца ў школе вышэйшай ступені, займаецца кампутарамі, спортам. Сям’я і любоў робяць проста цуды!”

Ёсьць выпадкі, калі дзецям шанцуе меней, але яны адзінкавыя. Адмыслоўцы зь Міністэрства адукацыі згадалі пра адну беларускую дзяўчынку ў Швэцыі, якой давялося памяняць сям’ю, і пра аднаго хлопчыка, які вярнуўся з ЗША, дзе яму не спадабалася. Старшыня дабрачыннага фонду “Дзецям Чарнобылю” Генадзь Грушавы згадаў пра выпадак у Італіі, дзе сям’я ўзяла дзіцёнка на адпачынак на месяц і адмовілася вяртаць, спаслаўшыся на нежаданьне хлопчыка ехаць дамоў. Але выпадкаў сапраўднага гандлю беларускімі дзецьмі за мяжой Генадзь Грушавы ня ведае. На ягоную думку, размовы пра гэта — чарговая палітычная кампанія.

(Грушавы: ) “Тут не абарона дзяцей, а абарона нейкіх сваіх інтарэсаў. Спроба знайсьці яшчэ падставы, каб накінуцца на Захад. Новы віток халоднай вайны, да якой прыцягваюць і дзяцей”.
XS
SM
MD
LG