Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці правільна падала цытату Тэры Дэвіса дзяржаўнае агенцтва БелТА?


Юры Сьвірко, Менск Дзяржаўнае агенцтва БелТА падало як галоўную навіну заяву генэральнага сакратара Рады Эўропы Тэры Дэвіса, які сказаў, паводле БелТА, што “было памылкай замарозіць статус спэцзапрошанага для Беларусі ў Радзе Эўропы ды адмовіцца ад дыялёгу з гэтай краінай”.

Аднак паводле расейскага агенцтва РИА “Новости” спадар Дэвіс “не выключае, што рашэньне аб прыпыненьні статусу спэцзапрошанага Беларусі ў студзені 1997 году ў Радзе Эўропы было памылковым”. РИА інакш падае цытату з адказаў Тэры Дэвіса на пытаньні сяброў ПАРЭ: “Можа быць, было памылкай замарозіць спэцстатус Беларусі ў Радзе Эўропы. Можа быць, было памылкай адмовіцца ад дыялёгу з гэтай краінай”.

Яшчэ паўгоду таму зьявіліся паведамленьні, што абраны напярэдадні генэральным сакратаром Рады Эўропы Тэры Дэвіс заявіў, што магчымае вяртаньне беларускаму парлямэнту статусу адмысловага госьця ў ПАРЭ. “Гэтае пытаньне абавязкова будзе закранутае”, — падалі летась у чэрвені цытату з заявы спадара Дэвіса.

Аднак сам Тэры Дэвіс у эксклюзіўным інтэрвію Радыё Свабода заявіў, што ўжо “выдыхнуліся” ўсе спробы аднавіць у ПАРЭ статус адмысловага госьця для беларускага парлямэнту.

Тады спадар Дэвіс заявіў:

(Дэвіс: ) “Як вы ведаеце, статус госьця быў прыпынены пэўны час таму. Было некалькі спробаў з боку асобаў тут у Радзе Эўропы, і я быў сярод іх, усталяваць дыялёг зь беларускімі ўладамі. Але падаецца, што гэта выдыхнулася. Я ня думаю, што цяпер нешта адбываецца. І шкада — я вельмі спадзяюся, што беларускія ўлады знойдуць магчымасьць ажыцьцявіць некаторыя зьмены, каб працяг дыялёгу быў забясьпечаны”.

На пытаньне, ці падтрымлівае ён тую лінію, якую прапанаваў Хрыстас Пургурыдэс, і ўхваленыя ў ПАРЭ ягоныя рэкамэндацыі ўвесьці санкцыі супраць Беларусі, спадар Дэвіс адказаў гэтак:

(Дэвіс: ) “Я ня бачу іншай альтэрнатывы, акрамя як падтрымаць ягоны даклад, што быў прыняты Асамблеяй. Я шкадую, што не было зроблена больш, каб разьвязаць таямніцу тых людзей, якія зьніклі”.

Варта нагадаць, што ПАРЭ вырашыла забараніць усялякую прысутнасьць беларускіх дэпутатаў на сваіх сэсіях у Страсбуры ў любой якасьці — афіцыйнай ці неафіцыйнай, — пакуль у Беларусі ня будзе праведзенае сапраўднае расьсьледаваньне справаў зьніклых.

Гл.таксама • Генэральны сакратар Рады Эўропы: Рашэньне 1997 году наконт Беларусі магчыма было памылковае
XS
SM
MD
LG