Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыня падкамітэту ПАРЭ па Беларусі: “Сытуацыя яшчэ горшая, чым падчас выбараў і рэфэрэндуму”


Юры Сьвірко, Менск У Страсбуры адбылося паседжаньне падкамітэту Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы па Беларусі, які на гэтым тыдні ўзначаліў эстонскі дэпутат Андрэс Геркель. Падкамітэт заслухаў дакладчыка Камітэту правоў чалавека ААН па Беларусі Адрыяна Сэвэрына ды ўхваліў праект мэмарандуму пра сытуацыю ў Беларусі, тэкст якога падрыхтаваў папярэдні старшыня падкамітэту літоўскі дэпутат Ёнас Чэкуоліс.

“Якая сутнасьць гэтага мэмарандуму?” — спытаўся я ў Андрэса Геркеля.

(Геркель: ) “Вядома, сытуацыя ў Беларусі яшчэ горшая, чым была падчас выбараў і рэфэрэндуму, якія праводзіліся з парушэньнем міжнародных стандартаў ды недэмакратычным чынам. Але мы ўсё ж павінны рабіць нешта, мы ня можам спыніць нашай працы. Пытаньне ня толькі ў недэмакратычнай сыстэме кіраваньня — гэта найперш пытаньне людзей, якія жывуць у Беларусі ды якія заслугоўваюць лепшай будучыні й дэмакратычнага разьвіцьця. Мы павінны мець кантакты зь няўрадавымі арганізацыямі, дэмакратычнымі палітычнымі лідэрамі й журналістамі, каб прасоўваць разьвіцьцё грамадзянскай супольнасьці.

Ёсьць некаторыя каштоўныя пункты, як дзейнічаць, як кантактаваць зь людзьмі ў суседніх краінах, калі гэта немагчыма ў Менску. Я яшчэ спадзяюся, што гэта будзе магчымым у Менску. Мы прапанавалі палітычным групам Рады Эўропы дапамагчы дэмакратычным палітычным партыям, якія будуць або хочуць належаць у будучыні да нашай палітычнай сям’і”.

Спадар Геркель дадаў, што ПАРЭ плянуе запрасіць прадстаўніка Вэнэцыянскае камісіі Рады Эўропы, каб яшчэ раз абмеркаваць канстытуцыйную сытуацыю ў Беларусі, ды стварыць некалькі праграмаў падтрымкі беларускай грамадзянскай супольнасьці.

На пытаньне, ці абмяркоўваў падкамітэт па Беларусі мажлівасьць санкцыяў супраць беларускага кіраўніцтва, Андрэс Геркель адказаў гэтак:

(Геркель: ) “Мы ня ёсьць Камітэтам міністраў, вядома, і мы ўжо выказалі даволі моцную пазыцыю наконт гэтага раней. Цяпер гэтае пытаньне не закраналася. Вы можаце прачытаць гэта ў заяве былога старшыні Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Пэтэра Шыдэра, і гэта было паўторанае краінамі Эўразьвязу і Злучанымі Штатамі Амэрыкі, якія абвесьцілі пэрсонамі нон грата тых асобаў, якія мелі дачыненьне да зьнікненьняў людзей”.
XS
SM
MD
LG