Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракуратура абвінавачвае журналіста ў бойцы з ахоўнікам Галоўпаштамту


Любоў Лунёва, Менск Пракуратура Ленінскага раёна Менску накіравала ў суд справу журналіста “Белорусской газеты” Кірыла Жываловіча. Яго абвінавачваюць у бойцы з ахоўнікамі будынку Галоўпаштамту.

Сьледчы Юры Варанко азнаёміў журналіста з канчатковым абвінавачаньнем паводле 363 артыкулу часткі другой Крымінальнага Кодэксу (супраціўленьне міліцыянту альбо іншай асобе, якая ахоўвае грамадзкі парадак, з ужываньнем сілы). Згодна з тэкстам абвінавачаньня, 10 сьнежня Кірыл Жываловіч знаходзіўся ў будынку “Белпошты” ў нецьвярозым стане. Пацярпелым прызнаны супрацоўнік аховы Юры Назарчук. Ён паскардзіўся, што журналіст нібыта галавой ударыў яго ў твар, разьбіў яму нос і вусны.

Кірыл Жываловіч абвяргае абвінавачаньні. Ён заявіў Радыё Свабода:

(Жываловіч: ) “У абвінавачаньні лжывая інфармацыя, у прыватнасьці, сьцьвярджэньне аб тым, што я знаходзіўся ў стане алькагольнага ап’яненьня і нанёс пабоі, мэдычная экспэртыза не пацьвердзіла. Я падаў заяву ў пракуратуру Ленінскага раёну, каб крымінальную справу супраць мяне спынілі з-за адсутнасьці складу злачынства. Юры Назарчук даў камэнтар агенцыі БелаПАН. На маю думку, гэта ёсьць ціскам на сьледзтва і распаўсюдам ілжывай інфармацыі, якая шкодзіць маёй дзелавой рэпутацыі. Калі я дачакаюся судовага разьбіральніцтва, то падам пазоў у суд аб абароне гонару і годнасьці”.

Калі суд прызнае віну Кірыла Жываловіча, яго могуць пакараць абмежаваньнем альбо пазбаўленьнем волі да пяці гадоў. Згодна з Крымінальна-працэсуальным кодэксам, суд можа скарыстацца тым, што журналіст раней да крымінальнай адказнасьці не прыцягваўся і пакараць яго ўмоўна, альбо з адтэрміноўкай выкананьня прысуду.
XS
SM
MD
LG