Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра Галакост школьныя праграмы па гісторыі Беларусі не апавядаюць


Валянціна Аксак, Менск За гады другой усясьветнай вайны на тэрыторыі Беларусі было зьнішчана больш за 800 тысяч габрэяў. Аднак маштабаў гэтае трагедыі не падаюць ні школьныя падручнікі па гісторыі краіны, ні ўведзены да 60-годзьдзя Перамогі для абавязковага вывучэньня ва ўсіх навучальных установах адмысловы курс гісторыі Вялікае Айчыннае вайны.

На тэму другой усясьветнай вайны ў школьнай праграме гісторыі Беларусі адведзены тры гадзіны. Масавае зьнішчэньне габрэяў у гета і канцлягерах вывучаецца ў гэтай тэме фрагмэнтарна, а тэрмін “Галакост” адсутнічае. Гаворыць выкладчык гісторыі Беларускага гуманітарнага ліцэю Захар Шыбека:

(Шыбека: ) “Тэмы Галакосту няма, адзіны сюжэт пра яго ў тэме “Інтэрнацыянальны характар барацьбы супраць фашысцкіх захопнікаў”. І ўсё. Тры гадзіны на гэтую вайну — натуральна, што гэтая тэма практычна выпадае са школьных праграмаў, і гаварыць пра яе ці не, залежыць ад эрудыцыі і сумленнасьці выкладчыка. Асобным радком у праграме яна не стаіць”.

У адмысловым курсе гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, які ў абавязковым парадку ўведзены да 60-годзьдзя Перамогі ва ўсіх навучальных установах краіны, тэме Галакосту адведзена крыху больш часу. Але трагедыя габрэйскага народу разглядаецца не адпаведна яе маштабам і толькі ў кантэксьце агульнае антыфашыстоўскае барацьбы савецкага народу, лічыць Кузьма Казак, кіраўнік гістарычнае майстэрні, створанай два гады таму ў Менску для вывучэньня падзеяў Галакосту.

(Казак: ) “Колькасьць зьнішчанага ў Беларусі габрэйскага насельніцтва — больш за 800 тысяч, а ў дадзеным падручніку прадстаўленая лічба 600 тысяч. Ці колькасьць гета: у гэтым падручніку мы чытаем 110 гета, а ў надрукаваных сьпісах гета, якія дзейнічалі на тэрыторыі Беларусі, іх больш за 200.Так што яна падаецца гэтая праблема, але ў няпоўным аб’ёме”.

У гэтым падручніку не паказанае ніводнае мэмарыяльнае месца, зьвязанае з гісторыяй Галакосту ў Беларусі. Не распавядаецца ў ім пра паўстаньні ў гета, якія былі на тэрыторыі краіны, і пра іншыя формы габрэйскага антыфашыстоўскага супраціву. Кіраўнік гістарычнае майстэрні Кузьма Казак тлумачыць сытуацыю наступным чынам:

(Казак: ) “У нас у Беларусі працягвае дзейнічаць канцэпцыя вайны, якую стварыў калісьці кіраўнік НКВД Беларусі Лаўрэн Цанава. Гэтая канцэпцыя зыходзіць з паняцьця барацьбы, у якой ёсьць пераможцы і пераможаныя. Таму прадстаўляецца канцэпцыя пераможцаў”.

А трэба паказваць вайну, як гісторыю пакутаў, кажа спадар Казак і дадае:

(Казак: ) “Яшчэ дадаецца аспэкт, які зьвязаны з паняткам “антысэмітызм”. Ён дастаткова моцна быў укаранёны тут пасьля заканчэньня вайны, і гэтыя тэндэнцыі да цяперашняга часу, безумоўна, яшчэ дзейнічаюць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG