Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі на дзяржаўным узроўні амаль не адзначаюцца 60-я ўгодкі вызваленьня вязьняў Асьвенціму


Уладзімер Глод, Менск 27 студзеня спаўняецца 60 гадоў з часу вызваленьня вязьняў канцэнтрацыйнага лягеру Асьвенцім. Паводле некаторых падлікаў, цягам другой усясьветнай вайны нацысты закатавалі некалькі мільёнаў чалавек, сярод якіх было нямала жыхароў Беларусі.

У мас-мэдыях, як незалежных, так і дзяржаўных, сёньня і напярэдадні было даволі шмат матэрыялаў, зьвязаных з гэтай сумнай датай. У іх перадусім вядзецца гаворка пра лёс тых нямногіх беларусаў, каму пашанцавала застацца жывымі на гэтай фабрыцы сьмерці, альбо тых, хто непасрэдна ўдзельнічаў у вызваленьні вязьняў.

Што ж тычыцца некалькіх імпрэзаў да гэтай даты, дык іх арганізоўвалі пераважна грамадзкія арганізацыі. Беларускія афіцыйныя асобы згадваюць тую цырымонію, якая праходзіць сёньня ў Асьвенціме. У прыватнасьці, прэсавы сакратар Міністэрства замежных справаў Беларусі Андрэй Савіных сказаў:

(Савіных: ) “Мы прыдаём вялікую ўвагу гэтаму мерапрыемству і будзем інфармаваць вас больш падрабязна пасьля атрыманьня інфармацыі з нашай амбасады ў Польшчы”.

Гісторык Тацяна Процька лічыць, што адмова ад правядзеньня ў Беларусі буйных мерапрыемстваў, прысьвечаных 60-м угодкам вызваленьня Асьвенціму, зусім не выпадковая зьява. На яе думку, згадка пра злачынствы фашыстаў нагадвае і пра злачынствы, што тварылі ў Савецкім Саюзе камуністы:

(Процька: ) “У нас цяпер аднаўляецца культ савецкай дзяржавы. Людзям гавораць, што калі ўлады клапоцяцца пра іх, то людзі могуць спаць і жыць спакойна. А калі пачаць разьбірацца дэтальна пра гэтыя лягеры сьмерці, адразу ўзьнікаюць паралелі з ГУЛАГам, з тымі лягерамі, што існавалі ў нас, як там гінулі людзі. Я думаю, перадусім у гэтым прычына. І па-другое, нямецкі парадак, як калісьці казаў прэзыдэнт Лукашэнка, ёсьць прыкладны парадак. А канцэнтрацыйныя лягеры — такая вялізная пляма на ладзе жыцьця немцаў, што наш прэзыдэнт проста ня хоча пра гэта згадваць”.
XS
SM
MD
LG