Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Другое вяртаньне крылатых вершнікаў


Вячаслаў Кулік, Менск У сталіцы Беларусі рыхтуецца новая касьцюміраваная імпрэза коньнікаў. Грамадзкае аб’яднаньне “Prodyus” плянуе паказаць менчукам амуніцыю крылатага гусара-вершніка з войскаў Вялікага княства Літоўскага. Упершыню гэтыя незвычайныя воі вызначыліся 400 гадоў таму ў пераможнай бітве войскаў Яна Хадкевіча са швэдамі на Дзьвіне.

Распачаць падрыхтоўку да гістарычнай імпрэзы коньнікаў з “Prodyusu” падштурхнула грунтоўнае дасьледаваньне пісьменьніка Міхася Чарняўскага. У добра ілюстраванай кнізе “Дзесяць бітваў” ён апавядае пра найбуйнейшыя перамогі з удзелам беларусаў ад 11-га да 17-га стагодзьдзяў. Паводле артыкула “Бітва пад Кірхгольмам”, у 1605 годзе на Дзьвіне асабліва выявілі сябе крылатыя вершнікі – “улюбёныя войскі” вялікага гетмана Яна Караля Хадкевіча. Па меркаваньню аўтара, высокія крылы для лёгкай кавалерыі былі ў той час выдатным вынаходніцтвам псыхалягічнага ціску на непрыяцеля.

(Чарняўскі: ) “Я нават ня ведаю, ці былі, напрыклад, у немцаў, у італьянцаў, у французаў крылатыя гусары. Здаецца, гэта нашае вынаходніцтва. Уяўляеце: імчыць лава нахіленых коньнікаў зь 5-мэтровымі дзідамі; за сьпінамі вершнікаў вялізарныя чорныя крылы, што пад ветрам шумяць! Коні ворага звычайна палохаліся, а вершнікі прыходзілі ў жах ад гэтай “нябачнай крылатай коньніцы” праціўніка. У пару Хадкевіча крылатыя вершнікі прыносілі нашаму войску найвялікшую славу”.

Цяпер менскі клюб аматараў коней “Prodyus” захоплены аднаўленьнем амуніцыі крылатых вершнікаў. Як паведамляе дружнік Аляксандр Усьціновіч, перадусім у вырабе мэталёвага панцырніка выкарыстоўваецца тэхналёгія старасьвеччыны, і толькі ў выключных выпадках – заменьнікі зь сучасных матэрыялаў.

(Усьцьновіч: ) “Сакаліных пёраў зараз ня возьмеш – гэтая птушка ў Чырвонай кнізе. Дык можна зь індыка прымацаваць, яны, адпаведна, крылам сакаліным вельмі падобныя. Крылы захоўвалі ад удараў са сьпіны і збоку. Былі дапамогай, калі за гусарам маглі гнацца і кідаць ласо. Так як крылы над галавой, то пятля патрапляла на крыло, яно ламалася, і кавалерыст далей ляцеў на сваім кані”.

Паводле кіраўніка клюбу “Prodyus” Юрыя Баярына, на паказ коннай імпрэзы патрабуецца ня менш як 6 узораў амуніцыі крылатага вершніка 17-га веку.

(Баярын: ) “У нас ёсьць ідэя зрабіць гусарскае шоў. Хацелася б, каб людзі ў Беларусі ведалі, што ў нашай гісторыі былі непераможныя крылатыя коньнікі. Я ўжо спрабаваў імчаць на кані ў амуніцыі 17-га стагодзьдзя. Гэта незабыўнае ўражаньне!”

Напачатку 90-х гадоў 20-га стагодзьдзя Ю.Баярын быў адным зь першых удзельнікаў касьцюміраванага шэсьця коньнікаў з калёнаю БНФ у Менску. Пасьпяховымі для коньнікаў клюбу “Prodyus” былі таксама рэпэтыцыі вулічнага опэрнага спэктаклю паводле аповесьці Ўладзімера Караткевіча “Дзікае паляваньне караля Стаха”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG