Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Наша Ніва”: інтрыгі на выбарах 2006 можна чакаць толькі тады, калі Лукашэнку будзе процістаяць беларускі нацыянальны кандыдат


Падрыхтавала Любоў Лунёва Агляд незалежнага друку

Газэта “Народная Воля” на гадавіну трагедыі ў Краснапольлі зьмясьціла матэрыял Вольгі Класкоўскай. Журналістка наведала месца трагедыі. Жыхары ўзгадвалі тыя падзеі, калі ў школе абрынуўся дах. Людзі супакоіліся. Яны ўпэўненыя, што трагедыя не паўторыцца.

Марыя Эйсмант аналізуе ліст супрацоўнікаў Акадэміі Навук Аляксандру Лукашэнку, у якім яны просяць вярнуць старую сыстэму прызначэньня званьняў акадэмікаў і член-карэспандэнтаў.

“Наша Ніва” у рубрыцы “Promenade” надрукавала японскі дзёньнік Міколы Нікалаева. Ён піша, што першы зь беларусаў у Японіі быў Іосіф Гашкевіч, другі – Пётр Краўчанка, трэці – Адам Мальдзіс, а чацьвёрты – ён. Іосіф Гашкевіч напісаў слоўнік і граматыку японскай мовы, Пётр Краўчанка запэўніваў, што не злоўжываў пячаткай амбасады, а Адам Мальдзіс напісаў цікавы дзёньнік пра японскіх прафэсараў і сад камянёў. А сам Мікола Нікалаеў пачаў пісаць хайку.

У рубрыцы “Палітыка” – аналіз Барыса Тумара. На ягоную думку, інтрыгі на выбарах 2006 можна чакаць толькі ў тым выпадку, калі Лукашэнку будзе процістаяць беларускі нацыянальны кандыдат. Пры іншых раскладах нас чакае нудны паўтор 2001 і 2004 гадоў. Хто ідэальны кандыдат?

Слуцкая газэта “Инфо-курьер” паведамляе пра зьмены, якія пачаліся ў Слуцку. Там у другой дэкадзе верасьня пройдуць “Дажынкі”. З Цэнтральнай плошчы прыбяруць помнік Леніну: Ленін пяройдзе вуліцу Леніна і будзе стаяць на другім баку вуліцы. У горадзе пачаліся кардынальныя зьмены.

У Старых Дарогах паменшылася колькасьць прадпрымальнікаў. Значная частка тых, хто атрымалі пасьведчаньні, прыпынілі сваю дзейнасьць. Журналіст аналізуе гэтую тэндэнцыю.

Газэта “Вольнае Глыбокае” паведамляе аб тым, што мясцовы энтузіяст хоча адрадзіць картынг на Глыбоччыне.

Вялізны матэрыял прысьвечаны 150-годзьдзю расейскага паэта Мікалая Мінскага. Ён нарадзіўся ў Глыбокім, пахаваны ў Парыжы.

“Вольнае Глыбокае” надрукавала эксклюзіўны матэрыял пра дамы-брандмаўэры. Гэтае слова – нямецкага паходжаньня. Глыбокае гарэла ў 1602 і 1700. Былі прынятыя адпаведныя законы, каб дамы мелі пажарную бясьпеку. Вось у Глыбокім захаваўся ансамбаль такіх будынкаў на плошчы 17 верасьня. Тры сьцяны драўляныя, а адна – цагляная. Цэнтар горада фармаваўся 150 гадоў. Публікацыя прысьвечана старонкам гісторыі горада, бо хутка яму споўніцца 600 гадоў. Журналісты заклікаюць жыхароў захоўваць гістарычную спадчыну.

А чытачы “Комсомольской правды” могуць даведацца зь сёньняшняга нумару, як Стаўбцоўскі Чычыкаў зарабіў на мёртвых душах 10 000 даляраў.

Зь 1 лютага імпартныя макароны будуць інспэктаваць. “Комсомолка” тлумачыць чытачам прычыны такога новаўвядзеньня.
XS
SM
MD
LG