Лінкі ўнівэрсальнага доступу

27 студзеня 1913 году адбылася першая пастаноўка “Паўлінкі”


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 27 студзеня

27 студзеня 1302 году славуты італьянскі паэт Дантэ Аліг’еры пакідае Флярэнцыю. Пачынаецца выгнаньне паэта з роднага гораду. Завочна Дантэ прысуджаны да спаленьня на вогнішчы. Рэшту жыцьця паэт будзе вандраваць па сьвеце. А сьмяротны прысуд яму афіцыйна адменяць толькі ў 1966 годзе.

27 студзеня 1575 году італьянскі вучоны Джардана Бруна трапляе ў турму інквізыцыі ў Рыме. Амаль дваццаць гадоў таму яго зьвінавацілі ў ерасі, і ён мусіў хавацца па розных краінах Эўропы. А год таму Бруна зрабіў фатальную памылку – прыехаў у Вэнэцыю на запрашэньне быць настаўнікам у аднаго патрыцыя. Той патрыцый ня выявіў у сабе ніякіх здольнасьцяў да навукі і здаў свайго настаўніка ўладам.

27 студзеня 1822 году ў Горадні закладаюць тытунёвую фабрыку – галоўнае беларускае прадпрыемства ў сваёй галіне.

27 студзеня 1913 году адбылася першая пастаноўка знакамітай камэдыі Янкі Купалы “Паўлінка”. У Вільні сіламі Беларускага музычна-драматычнага гуртка паставіў п’есу Алесь Бурбіс.

27 студзеня 1924 году ў Маскве пачынаецца пахаваньне Леніна. Спачатку гэты працэс цягнуўся дні, пасьля гады і дзесяцігодзьдзі, але ня скончыўся дагэтуль. У Расеі працягваюцца спрэчкі пра тое, ці трэба цела правадыра пахаваць на могілках, ці хай яно надалей ляжыць у маўзалеі.

27 студзеня 1938 карныя органы НКВД расстралялі Ўладзімера Беняшэвіча. Быў ён гісторыкам царквы, акадэмікам Бэрлінскай, Мюнхенскай і Страсбурскай акадэміяў навук, прафэсарам Пецярбурскага ўнівэрсытэту. Радзіма Беняшэвіча – мястэчка Друя цяперашняга Браслаўскага раёну. Уражвае і тое, што расстралялі акадэміка разам зь ягоным родным братам і двума сынамі.

27 студзеня 1997 году прэзыдэнтам чачэнскай рэспублікі Ічкерыі быў абраны Аслан Масхадаў.

Сярод славутых людзей, якія прыйшлі на сьвет 27 студзеня ў розныя гады, згадаем сёньня найвялікшага кампазытара ўсіх часоў і народаў аўстрыйца Вольфганга Амадэя Моцарта і ангельскага пісьменьніка Льюіса Кэрала, аўтара знакамітай “Алісы ў краіне цудаў”.
XS
SM
MD
LG