Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Калі б была ўведзеная двухузроўневая сыстэма, гэта б ня значыла, што людзі б пачалі ўцякаць за мяжу”


Іна Студзінская, Менск 26 студзеня на нарадзе па структуры вышэйшай адукацыі ў краіне Аляксандар Лукашэнка рэзка раскрытыкаваў ўкараненьне дзьвюхступенчатай сыстэмы адукацыі па заходнім узоры. Паводле ягонага меркаваньня, гэта будзе “арыентаваць нашых людзей на ўцечку мазгоў з краіны”. А што думаюць студэнты пра двухузроўневую сыстэму адукацыі?

(Карэспандэнтка: ) “Ці патрэбна нам двухузроўневая сыстэма, арыентыр на эўрапейскія стандарты, ці, можа, ўсё няхай і застаецца так як ёсьць?”

(Дзяўчына: ) “Я яшчэ не зусім да канца разабралася з двухузроўневай сыстэмай. Я проста магу сказаць, што нашу сыстэму ўсю трэба выкінуць кудысьці на сьметнік, памяняць усё Міністэрства адукацыі. Я вучуся першы год, я пакуль што ў шоку ад таго, наколькі яны марнуюць мой час, наколькі мала даюць, наколькі мала патрабуюць. Мне здаецца, у прынцыпе, якую сыстэму яны ні ўводзяць, на практыцы... Мне пакуль што сорамна будзе сказаць, што я адвучылася тут 5 год. Я так думаю”.

(Хлопец: ) “Калі пойдзе падзяленьне на бакаляўраў і магістраў, мабыць, гэта б лепш было. Можна было б атрымаць адукацыю за мяжой. Калі ёсьць дыплём бакаляўра, ён, вядома, прызнаецца ў Польшчы, у Нямеччыне, можна ўзяць яго і паспрабаваць паступіць, атрымаць там адукацыю”.

(Карэспандэнтка: ) “Але студэнты, у прынцыпе, былі б за гэты падзел на бакаляўраў, магістраў?”

(Хлопец: ) “Я быў бы, канешне, за”.

(Іншая дзяўчына: ) “Як мне падаецца, было б няблага двухузроўневую сыстэму ўвесьці, паколькі гэта было б набліжэньне да эўрапейскіх стандартаў, бо, як мы ведаем, наша гуманітарная адукацыя за мяжой не прызнаецца. А калі б была ўведзеная такая сыстэма, было б прасьцей прызнаць і нашу адукацыю за мяжой, і нам было б прасьцей раўняцца на стандарты замежныя. Бо мы тут сядзім такія самі сабе разумныя і нікому не патрэбныя. Па-мойму, гэта б ня значыла, што людзі б пачалі ўцякаць за мяжу, калі б тут было нешта падобнае да іхняга”.

(Дзяўчына: ) “Гады ў школе, гады ў ліцэі – гэта было адно. У прынцыпе, мы не разьлічвалі на шыкоўную вышэйшую адукацыю, але ўсё настолькі ў нас нядобра і наагул, гэта не адукацыя. У нас калі хочаш нешта мець і сабой уяўляць, трэба займацца выключна самаадукацыяй, толькі самастойна можна вывучыць нейкія мовы, самастойна, знаходзячы нейкія кніжкі, можна навучыцца ўсяму на сьвеце, а ВНУ зараз ведаў зусім не даюць. Я ня ведаю, што яны могуць набліжаць да Эўропы, па-мойму, даўно ўжо пара нешта рабіць, шукаць нармальных выкладчыкаў, нармальныя праграмы, таму што вышэйшая адукацыя ў нас увогуле нулявая”.
XS
SM
MD
LG